Мінск 10:01

У студзені МАЗ прадаў на рынку РФ у 7,5 разоў менш новых аўтобусаў, чым месяцам раней

Ілюстрацыйнае фота: сайт адміністрацыі Санкт-Пецярбурга

3 сакавіка, Пазірк. У студзені 2026 года на расійскім рынку прададзены 21 новы аўтобус Мінскага аўтамабільнага завода — у 7,5 раза менш, чым у снежні 2025-га (158), сведчаць прааналізаваныя “Позіркам” даныя агенцтва “АСМ-холдынг” (РФ).

Больш за ўсё аўтобусаў у мінулым месяцы паставілі ПАЗ — 140 (-56,9%), YUTONG — 107 (37,2%), Volgabus — 76 (у студзені 2025-га продажаў не было).

За 2025 год на рынку РФ рэалізавана 499 аўтобусаў МАЗ (у 2024-м — 504; -1%).

Лідарамі продажаў летась былі аўтобусы ПАЗ (6.006; -26%), YUTONG (1.302; -41,2%), ЛіАЗ (1.079; -62,7%).

Буйныя прамысловыя прадпрыемствы — БелАЗ, БМЗ, МТЗ, МАЗ, а таксама канцэрны “Белнафтахім” і “Беллеспаперапрам” — не выканалі заданні па пастаўках прадукцыі ў Расію. Пра гэта, згодна з паведамленнем беларускай амбасады ў Маскве, ішла размова 10 верасня 2025 года на пасяджэнні міжведамаснай рабочай групы па ажыццяўленні маніторынгу сітуацыі з пастаўкамі ў РФ.

Беларускія аўтобусы рэгулярна загараюцца падчас руху ў РФ і Беларусі. Прычынаю таму называюцца санкцыі, уведзеныя супраць МАЗа дэмакратычнымі краінамі, якія пазбавілі яго часткі якасных кампанентаў.

Апошнія два падобныя выпадкі ў РФ, пра якія пісалі СМІ, былі зафіксаваныя ў Чэбаксарах 19 лютага і 22 студзеня. Да таго аўтобусы МАЗ гарэлі ў Самары 9 кастрычніка 2025 года, 5 ліпеня — у Іркуцку, 14 траўня — у Варонежскай вобласці, 5 красавіка — у Санкт-Пецярбургу, 23 сакавіка — у Кіраве, 13 студзеня — у Ліпецку.

Падзяліцца: