Мінск 01:00

Беларусь разам з іншымі членамі ШАС выказала заклапочанасць у сувязі з развіццём падзей на Блізкім Усходзе

2 сакавіка, Позірк. “Сур’ёзную заклапочанасць у сувязі з развіццём падзей на Блізкім Усходзе і ваеннымі ўдарамі па тэрыторыі Ісламскай Рэспублікі Іран“ выказала Беларусь і іншыя члены Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС).

Гэта вынікае з распаўсюджанай 2 сакавіка МЗС Беларусі заявы ШАС у сувязі з сітуацыяй вакол Ірана — сябра аб’яднання з 2023 года.

У ёй адзначаецца, што “дзяржавы — члены ШАС лічаць недапушчальным ужыванне сілы і выступаюць за ўрэгуляванне існуючых супярэчнасцяў выключна мірным шляхам на аснове дыялогу, узаемнай павагі і ўліку законных інтарэсаў усіх бакоў у адпаведнасці з нормамі міжнароднага права і прынцыпамі Статута ААН”.

Падпісанты “падкрэсліваюць неабходнасць забеспячэння суверэнітэту, бяспекі і тэрытарыяльнай цэласнасці Ірана, выступаюць за праяву ўсімі бакамі стрыманасці і адмову ад дзеянняў, здольных пагоршыць сітуацыю“.

Краіны ШАС “настойліва заклікаюць арганізацыю Аб’яднаных Нацый і Савет Бяспекі ААН прыняць неадкладныя меры для процідзеяння падрыву міжнароднага міру і бяспекі“.

Таксама яны ” выказваюць шчырыя спачуванні сем’ям загінулых у выніку нападу і заяўляюць аб сваёй салідарнасці і падтрымцы ўраду і народу Ірана“.

Афіцыйны Мінск далучыўся да ШАС у ліпені 2024 года. Акрамя Беларусі і Ірана членамі арганізацыі з’яўляюцца Індыя, Казахстан, Кітай, Кыргызстан, Пакістан, Расія, Таджыкістан і Узбекістан.

Раніцай 28 лютага была распачатая вайсковая аперацыя Ізраіля і ЗША супраць рэжыму аятала ў Іране. У першыя два дні вайны было атакавана больш за 2 тыс. цэляў у Іране, знішчаныя многія дзяржаўныя і ваенныя лідары, уключаючы вярхоўнага лідара Алі Хаменеі. Іран у адказ атакуе амерыканскія базы на Блізкім Усходзе, арабскія краіны і Ізраіль.

У Ізраілі гэтая ваенная аперацыя атрымала назву “Рык льва”. У Пентагоне аперацыі далі назву “Эпічная лютасць”.

Падзяліцца: