Мінск 00:27

Лукашэнка ўхваліў бязвіз з Таго па дыпламатычных і службовых пашпартах

2 сакавіка, Позірк. Аляксандр Лукашэнка сваім указам ухваліў у якасці асновы для перамоваў праект пагаднення паміж урадамі Беларусі і Таго аб адмене віз для ўладальнікаў дыпламатычных і службовых пашпартоў, паведаміла 2 сакавіка прэс-служба падпісанта.

Адзначаецца, што “ў адпаведнасці з дакументам грамадзяне Беларусі і Таго — уладальнікі дыпламатычных і службовых пашпартоў вызваляюцца ад неабходнасці атрымання віз для ўезду, выезду і транзіту, калі працягласць іх знаходжання на тэрыторыі прымаючага боку не перавышае 30 дзён з даты ўезду, а агульная працягласць на працягу каляндарнага года не перавышае 90 дзён“.

У Лукашэнкі лічаць, што “рэалізацыя пагаднення стане чарговым крокам у развіцці і ўмацаванні дружалюбных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Тагалезскай Рэспублікай”.

На правядзенне перамоваў па праекце міжнароднага дагавора і яго падпісанне ўпаўнаважана Міністэрства замежных спраў, аб пачатку візіту кіраўніка якога Максіма Рыжанкова ў Таго і Гану, прэс-служба МЗС паведаміла 1 сакавіка.

Не выключана, што пагадненне будзе падпісанае падчас візіту.

Цяпер Беларусь і Таго не маюць дыпламатычных прадстаўніцтваў на тэрыторыі адзін аднаго. Былы амбасадар Беларусі ў Нігерыі Вячаслаў Бяскосты з 2013 да 2018 года быў амбасадарам у Таго па сумяшчальніцтве, пасля чаго беларускі бок не прызначаў амбасадараў у гэтую афрыканскую краіну.

Таксама не маюць амбасадаў на тэрыторыі адзін аднаго Таго і Расія, аднак аб намеры адкрыць такія ў 2026 годзе было заяўлена падчас візіту ў Маскву прэм’ер-міністра Таго Фора Гнасінгбе ў лістападзе 2025 года. Магчыма, у перспектыве амбасадар Таго ў Расіі будзе прызначаны амбасадарам па сумяшчальніцтве і ў Беларусі, як гэта практыкуе шэраг краін афрыканскага кантынента.

Паводле інфармацыі на сайце МЗС Беларусі, экс-міністр замежных спраў Сяргей Алейнік сустракаўся са сваім тагалезскім калегам у 2023 годзе на палях аднаго са шматбаковых мерапрыемстваў.

Падзяліцца: