Мінск 19:47

Эвакуацыйная частка каманды BySol пачала самастойную дзейнасць

2 сакавіка, Позірк. Каманда эвакуацыі з Беларусі, якая працавала сумесна з фондам BySol, 2 сакавіка пачала самастойную дзейнасць як ініцыятыва ProEvac.

У сваім тэлеграм-канале новая ініцыятыва паведаміла, што выбудавала “ўстойлівую сістэму дапамогі“, адпрацавала пратаколы бяспекі і набыла “значны практычны досвед у эвакуацыі людзей з зоны рызыкі“.

“Для нас важна захоўваць магчымасць самастойнага развіцця. Кірунак эвакуацыі ў BySol працягвае працаваць у сваім фармаце”, — гаворыцца ў паведамленні.

Ранейшыя кантакты і механізмы “працягваюць функцыянаваць як звычайна, у фармаце незалежнай ініцыятывы ProEvac“.

Служба эвакуацыі фонду BySol, у сваю чаргу, паведаміла пра абнаўленне формы прыёму заявак і адзначыла, што “кірунак працуе ў стандартным рэжыме, унутраныя змены не ўплываюць на магчымасць атрымання падтрымкі ў экстранай рэлакацыі“.

Фонд салідарнасці заснаваны ў 2020 годзе на фоне палітычных падзей у Беларусі, якія пацягнулі беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі і масавую эміграцыю з краіны. Займаецца зборам сродкаў для падтрымкі ахвяр рэпрэсій, арганізацыяй эвакуацыі людзей з Беларусі і іншай дапамогай тым, хто церпіць пераслед з палітычных матываў.

Паводле папярэдніх звестак, за 2025 год BySol сабраў больш за 1,25 млн еўра ахвяраванняў для беларусаў, якія маюць патрэбу.

Агулам у 2025 годзе было праведзена каля 250 персанальных збораў, у тым ліку 12 — для беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне. Пры гэтым, паводле звестак фонда, і колькасць данатаў, і іх сярэдні памер павялічваюцца.

21 ліпеня 2025 года на “Еўрарадыё“ выйшаў матэрыял пра кіраўніка фонда “Андрэй Стрыжак і няпрошаныя дыкпікі“. У ім сцвярджалася, што Стрыжак высылаў беларускім актывісткам і жанчынам-праваабаронцам фота інтымнага зместу без іх згоды.

23 ліпеня BySol паведаміў аб адхіленні Стрыжака ад “кіруючай пасады“ і “выканання прадстаўніцкіх функцый”, а таксама пра пачатку разбіральніцтва.

24 верасня BySol праінфармаваў, што спецыяльна створаная камісія рэкамендавала цалкам спыніць супрацоўніцтва са Стрыжаком пасля разгляду “12 кейсаў харасменту“.

Cёлета 2 студзеня Стрыжак паведаміў пра старт новай ініцыятывы дапамогі BelAid.

Падзяліцца: