Мінск 20:35

Для дастаўкі цыгарэт з Беларусі кантрабандысты пачалі выкарыстоўваць метэазонды чорнага колеру — памежная служба Польшчы

Фота: Памежная ахова Польшчы

27 лютага, Позірк. Аб чарговым спыненні кантрабанды беларускіх цыгарэт, дастаўленых з дапамогай метэазондаў, паведамілі 27 лютага ў Надбужанскім атрадзе Памежнай аховы Польшчы.

Адзначаецца, што супрацоўнікі заставы ў Цярэспалі падчас службовых мерапрыемстваў “спынілі для праверкі аўтамабіль маркі Audi, які рухаўся з высокай хуткасцю”.

Высветлілася, што двое грамадзян Польшчы нелегальна перавозілі ў багажніку цыгарэты з беларускімі акцызнымі маркамі коштам звыш 30 тыс. злотых (8,38 тыс. долараў). Тытунёвыя вырабы былі дастаўленыя ў Польшчу пры дапамозе аэрастата чорнага колеру.

Кіроўца і пасажыр прызналіся ў кантрабандзе. За гэтае парушэнне, а таксама за “выкананне палёту паветраным суднам з парушэннем правілаў паветранага руху” ім пагражае штраф і пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам да 5 гадоў, гаворыцца ў паведамленні.

Паведамляецца таксама, што ў зоне адказнасці падраздзяленняў Надбужанскага аддзела памежнай службы ў Бяла-Падлясцы, Багукалах і Цярэспалі выяўленыя шары з цыгарэтамі на суму звыш 200 тыс. злотых (55,9 тыс. долараў).

Памежнае ведамства адзначыла, што шары чорнага колеру выкарыстоўваліся кантрабандыстамі для лепшай маскіроўкі ў начны час. З пачатку года Надбужанскі аддзел зафіксаваў ужо 30 выпадкаў кантрабанды акцызных тавараў з выкарыстаннем метэазондаў. Кошт канфіскаваных цыгарэт перавысіў 1 млн злотых (279,3 тыс. долараў).

Раней Аператыўнае камандаванне Узброеных сіл Польшчы паведамляла аб чарговых “улётах у польскую паветраную прастору з боку Беларусі аб’ектаў, якія па характарыстыках нагадваюць паветраныя шары”, у ноч на 17 лютага.

Пасля гэтага Памежная ахова Польшчы аб перахопе аэрастатаў з цыгарэтамі не паведамляла.

Падзяліцца: