Мінск 19:15

Міністр абароны Украіны заявіў аб ліквідацыі сістэмы сувязі, якая дапамагала расійскім БПЛА залятаць у краіну з Беларусі

Ілюстрацыйнае фота: Yehor Milohrodskyi / unsplash.com

27 лютага, Позірк. Украіна ліквідавала сістэму сувязі, якая дапамагала расійскім беспілотнікам залятаць у краіну з Беларусі. Пра гэта 27 лютага заявіў украінскі міністр абароны Міхаіл Фёдараў.

“Нам удалося ліквідаваць Mesh-сетку, якую выкарыстоўвалі [расійскія дроны] “Шахеды” на поўначы, што станоўча паўплывала на абараназдольнасць Кіева і цэнтральнай часткі Украіны”, — цытуе Фёдарава “Украінская праўда”.

Дарадца міністра Сяргей Бяскрэстнаў адзначыў, што згаданая сетка “працуе так, што ўсе яе ўдзельнікі з’яўляюцца рэтранслятарамі адзін для аднаго”.

“Але гэтую сетку, у якой працуе шмат “Шахедаў” адначасова, трэба злучаць з кіраваннем, з расійскімі аператарамі, якія кіруюць працэсам. І такія пункты кіравання ёсць на тэрыторыі Расіі і былі на тэрыторыі Беларусі. Як гэта выглядае? Гэта звычайная вежа мабільнага аператара, ці нейкая іншая, вышынёй 70–80 метраў, на якой стаяць магутныя антэны, накіраваныя ў бок Украіны. То бок гэта такія вузлавыя кропкі, праз якія інфармацыя ад “Шахедаў” паступае ў пункт кіравання”, — удакладніў Бяскрэстнаў.

18 лютага 2026 года прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведаміў аб увядзенні санкцый супраць Аляксандра Лукашэнкі. Зяленскі заявіў, што Украіна “актывізуе супрацьдзеянне ўсім формам садзейнічання“ Лукашэнку “забойствам украінцаў“ і будзе “працаваць з партнёрамі так, каб гэта мела глабальны эфект“.

Паводле слоў украінскага лідара, у другой палове 2025 года на тэрыторыі Беларусі расіяне разгарнулі сістэму рэтранслятараў для кіравання ўдарнымі дронамі, што павялічыла магчымасці арміі РФ наносіць удары па паўночных абласцях Украіны.

Зяленскі даручыў уважліва вывучыць“усе схемы Аляксандра Лукашэнкі і ягоных саўдзельнікаў”.

Падзяліцца: