Мінск 10:52

Мужчына, які прад’явіў “пашпарт новай Беларусі“ польскім уладам, сцвярджае, што падоўжыў дазвол на знаходжанне

27 лютага, Позірк. Беларус Дзмітрый, у дачыненні да якога, паводле інфармацыі аб’яднання беларускіх жанчын-праваабаронцаў і юрыстак Partyzanka, была распачатая справа аб пазбаўленні міжнароднай абароны ў Польшчы ў сувязі з прад’яўленнем пры чарговай замене часовай карты пастаяннага знаходжання “пашпарта новай Беларусі“, падоўжыў тэрмін знаходжання ў краіне на чарговыя два гады.

Пра гэта ён заявіў у інтэрв’ю “Нашай ніве“ 26 лютага. Мужчына патлумачыў, што праз некалькі дзён пасля падачы пакета дакументаў для замены карты яго разглядаў, “мабыць, яшчэ адзін супрацоўнік“. “Убачыў там у пераліку нумар пашпарта, дату выдачы ў верасні 2025 года і заканамерна вырашыў, што я з’ездзіў у Беларусь і атрымаў новы сіні пашпарт. А атрымаўшы дадатковую абарону, я не маю права ездзіць у Беларусь і нават знаходзіцца на тэрыторыі беларускай амбасады або консульскіх устаноў“, — сказаў Дзмітрый.

“Атрыманне новага афіцыйнага беларускага пашпарта — падстава для пазбаўлення статусу асобы, якая карыстаецца дадатковай абаронай. Натуральна, у яго паўсталі працэдурныя пытанні, і ён быў абавязаны ініцыяваць перагляд майго статусу“, — патлумачыў ён.

Дзмітрый паведаміў, што ў снежні 2025 года даў пісьмовыя тлумачэнні, прадставіў ксеракопіі, а яшчэ праз два тыдні атрымаў “карту побыту“ — зноў прад’явіўшы ва ўпраўленні “пашпарт новай Беларусі“. “Супрацоўнікі Упраўлення па справах замежнікаў выдатна ведаюць, як выглядае сіні афіцыйны беларускі пашпарт і пры гэтым прымаюць альтэрнатыўны чырвоны і выдаюць па ім дазвол на жыхарства“, — падкрэсліў ён.

Намеснік дырэктара Беларускага пашпартнага цэнтра (БПЦ) у інтэрв’ю сайту “Мост“ 25 лютага выказаў меркаванне, што пасля разгляду справа будзе вырашаная на карысць беларуса.

“Пашпарт сапраўды добрай якасці, адпавядае ўсім стандартам ICAO (па машынасчытваемых дакументах), у яго закладзены біяметрычныя даныя грамадзяніна Беларусі, электронны подпіс, адбіткі пальцаў, чып, які перадае дадзеныя праз NFC (тэхналогія бесправадной перадачы) і гэтак далей. Гэта значыць вонкава ён ніяк не адрозніваецца ад іншага нацыянальнага пашпарта. Але, наколькі я разумею, міграцыйная служба Польшчы разбярэцца з гэтым, і пасля тлумачэння, адкуль гэты пашпарт, адміністрацыйная справа будзе спыненая“, — заявіў прадстаўнік цэнтра.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што “чалавек як мінімум двойчы — пры рэгістрацыі на платформе і затым пры атрыманні пашпарта — падпісвае, што гэты дакумент не з’яўляецца travel-дакументам і дакументам ідэнтыфікацыі“.

“Але трэба адзначыць, што калі кажуць пра крымінальныя артыкулы, то яны звязаныя з падробкай афіцыйных дакументаў, змяненнем даных. А беларускі пашпартны цэнтр — афіцыйная арганізацыя, створаная офісам Святланы Ціханоўскай і АПК, і выпускае ўласныя дакументы. Пры гэтым даныя з сіняга пашпарта, уключаючы асабісты код, пераносяцца ў наш пашпарт. Больш за тое, з вопыту іншых урадаў у выгнанні, якія выдаюць пашпарты (таго ж урада Ічкерыі), не было ўзбуджана ніводнай крымінальнай справы. Мы падтрымліваем з імі кантакт і абменьваемся досведам“, — дадаў прадстаўнік БПЦ.

Падзяліцца: