Мінск 22:59

У Польшчы па падазрэнні ў адмыванні выкрадзеных грошай затрымана 13 чалавек, у тым ліку беларусы

Ілюстрацыя: Bermix Studio / unsplash.com

26 лютага, Позірк. Аб ліквідацыі міжнароднай злачыннай групы, якая займалася адмываннем выкрадзеных грашовых сродкаў, паведаміла 26 лютага Нацыянальная падатковая адміністрацыя Польшчы.

Затрымана 13 чалавек, у тым ліку грамадзяне Польшчы, Украіны і Беларусі. У дачыненні да 10 падазраваных суд выбраў меру стрымання ў выглядзе арышту на 3 месяцы. Ім прад’яўленыя абвінавачанні ва ўдзеле ў арганізаванай злачыннай групе, а таксама ў шматразовым махлярстве і крадзяжы грошай. Ім пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Падчас расследавання супрацоўнікі мытна-падатковай службы Ніжнесілезскага мытна-падатковага ўпраўлення ва Уроцлаве ў супрацоўніцтве з упраўленнем Цэнтральнага бюро па барацьбе з кіберзлачыннасцю ў Лодзі ўстанавілі, што члены групы стварылі арганізаваную інфраструктуру для адмывання грошай, атрыманых у выніку фінансавага махлярства, у тым ліку праз разгалінаваную сетку крыптавалютных абменных пунктаў на тэрыторыі Польшчы і іншых краін Еўрапейскага саюза.

“Злачынцы таксама стварылі фіктыўны call-цэнтр. Асобы, якія працавалі ў ім, тэлефанавалі загадзя адабраным людзям, выдаючы сябе за супрацоўнікаў банкаў. Падчас размоў зламыснікі паведамлялі пацярпелым пра нібыта здзейсненую атаку на іх банкаўскія рахункі. Яны пераконвалі іх неадкладна перавесці грошы на так званыя тэхнічныя рахункі з мэтай ўяўнага “забеспячэння захаванасці сродкаў“. Насмрэч грошы паступалі на рахункі, кантраляваныя злачынцамі“, — гаворыцца ў паведамленні.

Паводле звестак следства, сродкі, атрыманыя злачынным шляхам, ўводзіліся ў легальны абарот. Для гэтага выкарыстоўваліся банкаўскія рахункі, аформленыя на падстаўных асоб, а таксама гаспадарчыя суб’екты, якія ўдзельнічалі ў адмыванні грошай, маскіруючы яго пад законную дзейнасць. Пасля легалізацыі сродкі перакладаліся на замежныя банкаўскія рахункі альбо размяшчаліся ў крыптавалютах.

Паведамляецца, што затрыманні праходзілі ў шасці ваяводствах Польшчы: Ніжнесілезскім, Велікапольскім, Мазавецкім, Малапольскім, Сілезскім і Паморскім.

Агулам выяўлена і канфіскавана маёмасці на 2,6 млн злотых (726,4 тыс. долараў ЗША). Яна “непасрэдна атрыманая ў выніку злачыннай дзейнасці”.

Падзяліцца: