Мінск 15:34

Беларусь пры Лукашэнку можа адыграць значную ролю ў эскалацыі сітуацыі ва Украіне — Ціханоўская

Фота ў тэлеграм-канале Ціханоўскай

26 лютага, Позірк. Апошнія дзеянні рэжыму Аляксандра Лукашэнкі “сведчаць пра падрыхтоўку да далейшай эскалацыі” сітуацыі ва Украіне, і “Беларусь можа адыграць у ёй значную ролю”, заявіла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская 25 лютага на брыфінгу для кіраўнікоў дэлегацый у Савеце Еўропы.

Паводле слоў палітыка, як паведаміў “Позірку” яе галоўны дарадца Франак Вячорка, на карысць гэтага кажа размяшчэнне на беларускай тэрыторыі расійскай тактычнай ядзернай зброі і ракетнага комплексу “Арэшнік”, а таксама будаўніцтва новай інфраструктуры.

“Расія разгарнула на беларускай тэрыторыі радыёлакацыйныя сістэмы для навігацыі дронаў і ракет. Мы бачым буйныя вайсковыя кантракты паміж Мінскам і Масквой. Мы абмяркоўвалі гэта з прэзідэнтам [Украіны Уладзімірам] Зяленскім. Такі сцэнарый трэба прадухіліць”, — адзначыла дэмлідар.

Новы падыход афіцыйнага Кіева да беларускіх дэмакратычных сіл можа іх умацаваць, а таксама стварыць “новую дынаміку” ўнутры Беларусі.

“Беларускія эліты, войска і грамадства сочаць за Украінай — з надзеяй, — лічыць Ціханоўская. — Я думаю, што ў выпадку спынення агню роля Украіны для Беларусі стане яшчэ больш значнай”.

Сітуацыю ў лагеры прыхільнікаў перамен дэмлідар ахарактарызавала наступным чынам: “Мы аб’яднаныя. Мы маем працоўныя інстытуты”.

“Я нядаўна сустракалася з Марыяй Калеснікавай і Віктарам Бабарыкам (экс-палітвязні; Бабарыка — прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта ў 2020 годзе, Калеснікава — прадстаўніца яго штаба. — “Позірк”.), — сказала яна. — Мы падтрымліваем кантакт з [кіраўніком дэ-юрэ ліквідаванага Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў] Аляксандрам Ярашуком і [кіраўніком праваабарончага цэнтра “Вясна”, лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру] Алесем Бяляцкім. Так, могуць быць тактычныя рознагалоссі, але галоўнае, мы ідзем да адной мэты. Калі рэжым спадзяецца нас падзяліць, у яго гэта не атрымаецца”.

Палітык таксама закранула тэму юрыдычнага статусу беларусаў у Еўропе: “Мы працуем з краінамі ЕС, каб знайсці комплекснае рашэнне, каб людзі не станавіліся асобамі без грамадзянства”.

У прыватнасці было падкрэслена, што Іспанія прызнала пратэрмінаваныя беларускія пашпарты, Данія і Нарвегія пачалі выдаваць беларусам “пашпарты замежніка”, у Літве “дзейнічаюць [легалізацыйныя] дакументы на тры гады”, Польшча “выдае міжнародную абарону”.

У брыфінгу, які быў арганізаваны прадстаўніцтвам ЕС пры Савеце Еўропы сумесна з Польшчай, узяло ўдзел больш за 30 дыпламатаў.

Падзяліцца: