Мінск 21:08

Лукашэнка прыбыў у Маскву на ВДС

25 лютага, Позірк. Аляксандр Лукашэнка 25 лютага прыбыў у Маскву, дзе на наступны дзень пройдзе пасяджэнне Вышэйшага дзяржаўнага савета (ВДС) Саюзнай дзяржавы (СД) з удзелам прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна.

Мяркуючы з відэазапісу прылёту, у аэрапорце Лукашэнку сустрэў амбасадар Беларусі ў РФ (на пасадзе з 22 студзеня 2026 года), былы міністр фінансаў Юрый Селіверстаў.

Парадак дня запланаванага на 26 лютага ў Маскве пасяджэння ВДС СД быў апублікаваны 17 лютага і фактычна пацверджаны прэс-службай Лукашэнкі 24 лютага.

Паводле інфармацыі апошняй, на пасяджэнні трэба будзе абмеркаваць асноўныя напрамкі рэалізацыі дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы на 2024-2026 гады, а таксама распрацоўку праекта аналагічнага дакумента на 2027-2029 гады.

“Ключавыя пункты парадку дня таксама датычацца арганізацыі трансгранічных прыгарадных пасажырскіх зносін; стварэння камітэта па стандартызацыі і якасці саюзнай дзяржавы; узаемнай падтрымкі ў супрацоўніцтве ў галіне міжнароднага правасуддзя; прысуджэння прэмій Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва за 2025-2026 гады“, — адзначыла прэс-служба беларускага палітыка.

Падзяліцца: