Мінск 17:25

Беларус спрабаваў правезці ў Літву кантрабандныя цыгарэты ў прычэпе легкавога аўтамабіля

Фота: Мытня Літвы

25 лютага, Позірк. Спробу кантрабанды беларускіх цыгарэт спынілі супрацоўнікі Вільнюскай тэрытарыяльнай мытні ранкам 17 лютага ў пункце пропуску Шальчынінкай (з беларускага боку — Беняконі), паведаміў 25 лютага Мытны дэпартамент МУС Літвы.

Адзначаецца, што незаконны груз быў знойдзены ў сценках і столі прычэпа да легкавога аўтамабіля “Кіа”, якім кіраваў грамадзянін Беларусі. Пасля выдалення ізаляцыйнага пласта мытнікі знайшлі 8.642 пачкі цыгарэт NZ Gold (кошт з улікам падаткаў — 42.864 еўра).

“Кіроўца прызнаўся ў перавозцы кантрабандных цыгарэт, — гаворыцца ў паведамленні. — Рашэннем пракуратуры ў дачыненні да яго былі прызначаныя дзве прэвентыўныя меры: канфіскацыя дакументаў і абавязак перыядычнай рэгістрацыі ў паліцыі”.

Вільнюскае аддзяленне Мытнай крымінальнай службы распачало дасудовае расследаванне па факце кантрабанды (ч. 2 арт. 199 КК Літвы). Расследаванне вядуць пракуроры Вільнюскай абласной пракуратуры.

Раней літоўская мытня паведамляла, што на пагранпераходзе Шальчынінкай у 2025 годзе зафіксавана 681 адміністрацыйнае правапарушэнне на суму каля 2 млн еўра (штрафы, канфіскацыі), у пункце пропуску Мядзінінкай (Каменны Лог) — 735 (1,5 млн еўра).

Падзяліцца: