Мінск 16:44

У Беларусі плануюць пашырыць падставы для прафуліку асоб, што здзейсняюць хатні гвалт

Ілюстрацыйнае фота: needpix.com

25 лютага, Позірк. Пашырэнне падстаў для прафілактычнага ўліку асоб, што здзяйсняюць хатні гвалт, прадугледжанае праектам закона “Аб змяненні законаў па пытаннях прафілактыкі правапарушэнняў”, які 25 лютага прыняла ў першым чытанні Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

Законапраект таксама прадугледжвае ўскладанне дадатковых абавязкаў на грамадзян, у дачыненні да якіх ажыццяўляецца прафілактычны ўлік; змяненне падстаў для вядзення і спынення прафілактычнага ўліку ў дачыненні да грамадзян, што здзяйсняюць хатні гвалт; карэктаванне пераліку асноўных прафілактычных мерапрыемстваў па прадухіленні хатняга гвалту, канкрэтызацыя функцый і абавязкаў суб’ектаў прафілактыкі ў гэтай сферы.

Міністэрства ўнутраных спраў падрыхтавала гэты дакумент “у мэтах удасканалення прававога рэгулявання прафілактычнай працы ў дачыненні да асоб, што здзяйсняюць хатні гвалт, якія вызваліліся з лячэбна-працоўных прафілакторыяў, асуджаных да штрафу”.

Законапраект карэктуе закон “Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў” і Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях.

Згодна з згаданым законам, прафулік у дачыненні да грамадзяніна, што здзяйсняе хатні гвалт і таму прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за “наўмыснае нанясенне цялеснага пашкоджання”, “іншыя гвалтоўныя дзеянні” або “парушэнне ахоўнага прадпісання”, выяўляецца ў абавязковых візітах гэтай асобы ў міліцыю. Там прафілактычныя мерапрыемствы праводзяцца адзін раз на месяц — у форме лекцый, дэманстрацыі фільмаў “прафілактычнай скіраванасці”.

Паводле даных МУС 2024 год, на прафуліку была 21 тыс. чалавек, якія здзяйсняюць гвалт дома. Штогод у Беларусі фіксуецца каля 80 тыс. паведамленняў пра хатні гвалт.

Паводле даных апытання, праведзенага ў 2023 годзе анлайн-лініяй для пацярпелых ад хатняга гвалту oliviahelp.org пры падтрымцы Chatham House (Каралеўскі інстытут міжнародных стасункаў, Вялікабрытанія), розныя віды гэтага гвалту зазнае 17,6% гараджанак, якія маюць партнёра.

У верасні 2021 года Вярхоўны суд ліквідаваў міжнароднае грамадскае аб’яднанне “Гендэрныя перспектывы”, якое займалася праблемамі хатняга гвалту і палавой дыскрымінацыі.

9 сакавіка 2022 года Мінскі гарадскі суд ліквідаваў грамадскае аб’яднанне “Радзіслава”, што было створанае ў 2002 годзе ў Мінску для дапамогі жанчынам, якія пацярпелі ад гвалту. “Радзіслава” адміністравала кругласутачную гарачую лінію і ўтрымлівала на грамадскіх пачатках прытулак для ахвяр хатняга гвалту. З дня ліквідацыі шэлтар і кругласутачная гарачая лінія не працуюць.

У Беларусі няма закона пра супрацьдзеянне хатняму гвалту. Адпаведны дакумент распрацоўваўся некалькі разоў. У кастрычніку 2018 года чарговы варыянт рэзка раскрытыкаваў Аляксандр Лукашэнка, назваўшы яго “бздураю, узятай найперш з Захаду”.

Лукашэнка неаднаразова дапушчаў дыскрымінацыйныя выказванні на адрас жанчын, маскуючы гэта пад клопат пра іх. У прыватнасці, ён заяўляў, што беларуская Канстытуцыя напісана “не пад жанчыну” і што жанчына не можа быць вярхоўным галоўнакамандуючым.

ДзяржСМІ замацоўваюць у сваёй прапагандзе гендарную няроўнасць як сацыяльную норму.

Падзяліцца: