Мінск 23:57

Беларусь і Саудаўская Аравія плануюць увесці бязвіз для ўладальнікаў дыпламатычных, спецыяльных і службовых пашпартоў

20 лютага, Позірк. Аляксандр Лукашэнка ўхваліў у якасці асновы для правядзення перамоў праект пагаднення паміж урадамі Беларусі і Саудаўскай Аравіі аб узаемнай адмене візавых патрабаванняў для кароткатэрміновых паездак уладальнікаў дыпламатычных, службовых і спецыяльных пашпартоў. Адпаведны ўказ палітык падпісаў 20 лютага, паведамляе ягоная прэс-служба.

У адпаведнасці з дакументам, уладальнікі згаданых пашпартоў вызваляюцца ад атрымання віз для “ўезду, транзіту і знаходжання на тэрыторыі дзяржавы другога боку на тэрмін не больш за 90 дзён на працягу любога перыяду ў 180 дзён з даты першага ўезду”.

Рэалізацыя пагаднення дазволіць “спрасціць узаемныя паездкі службовых асоб”, гаворыцца ў паведамленні.

На правядзенне перамоў па праекту пагаднення і яго падпісанне ўпаўнаважана Міністэрства замежных спраў.

Дыпламатычныя адносіны паміж Беларуссю і Саудаўскай Аравіяй устаноўлены 6 чэрвеня 1997 года. Паводле звестак Міністэрства замежных спраў, у афіцыйнага Мінска няма дыпламатычнага прадстаўніцтва ў Саудаўскай Аравіі (інтарэсы прадстаўляе амбасада ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах).

Паводле інфармацыі знешнепалітычнага ведамства, узаемны тавараабарот у 2021 годзе склаў 42,3 млн. долараў (-26,4% да 2020 года), з якога на беларускі экспарт прыпала 6,1 млн. Актуальныя даныя ў адкрытым доступе адсутнічаюць.

У пачатку ліпеня 2023 года Сяргей Алейнік, які займаў у той час пасаду міністра замежных спраў, абмеркаваў з намкіраўніка МЗС Саудаўскай Аравіі Валідам аль Херыжы пытанні “актывізацыі турызму і аблягчэння візавага рэжыму” паміж краінамі. Тады Мінск выказаў намер адкрыць амбасаду ў Эр-Рыядзе, але пасля ні пра які прагрэс ў гэтай галіне не паведамлялася.

Падзяліцца: