Мінск 19:13

Літоўскія памежнікі затрымалі з доказамі злачынства траіх мужчын, якія займаліся кантрабандай цыгарэт з Беларусі

Фота: САДМ

20 лютага, Позірк. У Шальчынінкайскім раёне перахоплены беспілотнік, які заляцеў з тэрыторыі Беларусі, паведамляе Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы.

Адзначаецца, што дрон пераносіў партыю цыгарэт беларускай вытворчасці, памежнікі затрымалі траіх мясцовых жыхароў, звязаных з кантрабандай.

Да БПЛА быў прымацаваны абгорнуты поліэтыленавай плёнкай пакет з 1.000 пачак цыгарэт “NZ Gold”.

У аўтамабілі аднаго з затрыманых выяўлены пакет з яшчэ 1.000 пачак цыгарэт той жа маркі.

Агульны кошт нелегальных цыгарэт з улікам усіх абавязковых да выплаты ў Літве падаткаў складае 9.900 еўра.

Падкрэсліваецца, што раней САДМ ужо затрымлівала гэтых мужчын за кантрабанду цыгарэт. Ім прызначаны арышт тэрмінам на адзін месяц.

Вільнюскі аэрапорт 17 лютага з 20:30 да 21:30 (з 21:30 да 22:30 па мінскім часе) спыняў працу праз залёт з Беларусі метэазондаў з кантрабанднымі цыгарэтамі. Аэрапорты Вільнюса і Каўнаса перыядычна прыпыняюць працу па гэтай прычыне з восені 2025 года.

9 снежня мінулага года ўрад Літвы абвясціў экстрэмальную сітуацыю дзяржаўнага ўзроўню праз “гібрыдныя атакі Беларусі”. Рашэнне было прынята “ў сувязі з працяглай пагрозай нацыянальнай бяспецы дзяржавы і небяспекай для жыцця і здароўя людзей, а таксама для маёмасці і (або) наваколля, якая ствараецца тым, што на тэрыторыю Літвы з Беларусі запускаюцца паветраныя шары, якія перавозяць кантрабанду”.

Спецыяльны пасланнік прэзідэнта ЗША Дональда Трампа па Беларусі Джон Коўл пасля вяртання ў Вільнюс з Мінска, дзе 12 і 13 снежня праводзіў перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам, заявіў, што апошні паабяцаў яму садзейнічаць у спыненні палётаў метэазондаў з Беларусі ў Літву.

Падзяліцца: