Мінск 18:26

Мытня спыніла ўвоз з Польшчы буйной партыі жавальнай гумкі і спрэяў для поласці рота, кошт грузу перавышаў 1 млн долараў

Фота: ДМК

20 лютага, Позірк. Пра выяўленне ў грузавіку польскага перавозчыка незадэклараванай партыі жавальнай гумкі і спрэяў для поласці рота паведаміў Дзяржаўны мытны камітэт.

Інцыдэнт адбыўся ў пункце пропуску Бераставіца (з польскага боку — Баброўнікі). Кошт тавару складае больш за 3 млн рублёў (амаль 1,1 млн долараў).

“Пры аглядзе грузу мытнікі ўстанавілі, што фактычная колькасць жавальнай гумкі значна перавышае заяўленую, а звесткі пра спрэі для поласці рота і зусім адсутнічаюць у суправаджальных дакументах”, — адзначае ДМК.

Недэклараванне агулам больш за 74 тыс. адзінак тавару, паводле падлікаў ведамства, дазволіла б зэканоміць на мытных плацяжах каля 390 тыс. рублёў.

У дачыненні да польскага перавозчыка пачаты адміністрацыйны працэс, яму пагражае штраф да 30% ад кошту незаконна перамешчанага тавару, а таксама мытныя плацяжы ў поўным аб’ёме.

Падзяліцца: