Мінск 15:19

Амбасадар Рагашчук абмеркаваў з уладамі ў Тбілісі доступ беларускіх прадуктаў на рынак Грузіі

Беларускі зефір на прылаўку крамы ў Грузіі
Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

20 лютага, Позірк. Пытанне допуску беларускай харчовай прадукцыі на рынак Грузіі “з улікам актуальных рэгулятарных змяненняў” абмеркаваў 19 лютага ў Тбілісі амбасадар Мікалай Рагашчук на сустрэчы з намеснікам кіраўніка грузінскага Міністэрства аховы навакольнага асяроддзя і сельскай гаспадаркі Лашам Аваліані.

Паводле інфармацыі прэс-службы МЗС Беларусі, бакі таксама адзначылі “наяўнасць шырокіх перспектыў для супрацы ў сельскагаспадарчай галіне, асабліва ў сферах жывёлагадоўлі і раслінаводства”.

Геаграфія паставак прадпрыемстваў, якія ўваходзяць у склад канцэрна “Белдзяржхарчпрам”, “дастаткова шырокая — каля 50 краін”, заявіла на прэс-канферэнцыі 29 студзеня ў Мінску начальніца упраўлення каардынацыі паставак на ўнутраны рынак і знешнегандлёвай дзейнасці аб’яднання Анастасія Скарабагатава.

Паводле яе слоў, гэта “не толькі краіны СНД, але і краіны Азіі, Афрыкі і нават Акіяніі”.

У 2025 годзе Грузія паставіла ў Беларусь 3.302,5 тоны бульбы на 1 млн 368 тыс. долараў (414,3 долара за т) — у 30,7 раза больш, чым у 2024-м, калі было экспартавана 107,4 т за 51,2 тыс. (476,5 за т), паказаў праведзены “Позіркам” аналіз даных грузінскай Нацыянальнай службы статыстыкі.

Для параўнання: у 2023 годзе — 84,5 т бульбы за 30,7 тыс. долараў (363,3 за т), 2022-м — не было, 2021-м — 669,1 т за 177,2 тыс. (264,7 за т), 2020-м — 81,4 т за 12,3 тыс. (151,1 за т).

Падзяліцца: