Мінск 01:08

Прэзідэнт Літвы: ЕС на наступным тыдні павінен падоўжыць санкцыі ў дачыненні да Беларусі на чарговы год

Ілюстрацыя: "Позірк"

19 лютага, Позірк. Еўрапейскі саюз мае намер падоўжыць індывідуальныя і сектаральныя санкцыі ў дачыненні да Беларусі яшчэ на адзін год, заявіў журналістам 19 лютага прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа.

Паводле яго слоў, якія прыводзіць Delfi, гэта азначае, што Літва на працягу наступных 12 месяцаў не зменіць санкцыйнай палітыкі ў дачыненні да Беларусі.

“Калі хтосьці памыляецца, думаючы, што санкцыі хутка будуць знятыя, я павінен неадкладна супакоіць людзей: санкцыі супраць Беларусі — як індывідуальныя, так і сектаральныя — будуць падоўжаныя яшчэ на дванаццаць месяцаў. Гэта павінна быць зроблена на наступным тыдні”, — сказаў Наўседа.

Ён адзначыў, што гэта рашэнне было аднадушна ўзгоднена амбасадарамі ЕС, і Еўропа паслядоўна прытрымліваецца сваёй санкцыйнай палітыкі, пры гэтым няма прыкмет змены паводзін беларускіх уладаў.

Прэзідэнт Літвы падкрэсліў, што Беларусь стала саўдзельніцай Расіі ў вайне супраць Украіны. Паводле яго слоў, хоць у Беларусі былі вызваленыя некаторыя палітычныя зняволеныя, змешчаныя пад варту новыя.

Дзеянне асноўнага пакета санкцый ЕС у дачыненні да Беларусі заканчваецца 28 лютага, рашэнне аб яго прадаўжэнні павінна быць прынята да гэтай даты.

Падзяліцца: