Мінск 02:41

Памілаваная цяжарная палітзняволеная Наталля Левая, яна на волі

19 лютага, Позірк. Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб памілаванні Наталлі Левай, “асуджанай за злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці”.

“Гэта рашэнне прынята кіраўніком дзяржавы зыходзячы з прынцыпаў гуманнасці і з улікам жыццёвай сітуацыі асуджанай (жанчына цяжарная). Браўся пад увагу яе асабісты зварот да прэзідэнта з хадайніцтвам аб памілаванні, дзейнае раскаянне і паводзіны падчас адбыцця пакарання“, — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы Лукашэнкі.

Паводле звестак праваабарончага цэнтра “Вясна”, Наталлі Левай 39 гадоў. Была затрыманая 8 траўня 2024 года на мяжы пры вяртанні з Польшчы. Асуджаная 17 ліпеня 2024 года на шэсць гадоў пазбаўлення волі паводле ч. 2 арт. 3611 (фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці), ч. 2 арт. 3613 (фінансаванне ўдзелу на тэрыторыі замежнай дзяржавы ў ваенных дзеяннях) і арт. 3612 (фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фарміравання (рэдакцыя страціла моц у 2021 годзе)).

Пра тое, што ў калоніі ўтрымліваецца Левая, якой па тэрмінах нараджаць у сакавіку, паведаміла грамадскасці былы рэдактар партала tut.by Марына Золатава. Яна была вызваленая і вывезеная з краіны ў ліку 123 палітвязняў 13 снежня 2025 года пасля перамоваў у Мінску спецыяльнага пасланніка прэзідэнта ЗША па Беларусі Джона Коўла і Аляксандра Лукашэнкі.

Падзяліцца: