Мінск 22:24

Ціханоўская на форуме ў Берліне: Сярод палітвязняў у Беларусі больш за 170 жанчын

Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

16 лютага, Позірк. Больш за 170 жанчын застаюцца палітычнымі зняволенымі ў Беларусі, паведаміла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская на міжнародным семінары “Дыялог аб прагрэсе жанчын”, які прайшоў у Берліне ў рамках Сусветнага форуму па дэмакратыі, тэхналогіях і будучыні чалавецтва.

Як адзначае прэс-служба дэмлідара, семінар быў прысвечаны “прасоўванню гендэрнай роўнасці і падтрымцы палітычнага ўдзелу жанчын”. Акрамя Ціханоўскай, у ім бралі ўдзел вядомыя жанчыны-палітыкі, у тым ліку былая дзяржсакратар ЗША Хілары Клінтан і экс-прэзыдэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ.

Ціханоўская ў сваім выступе падкрэсліла, што многія з жанчын-палітвязняў у беларускіх турмах — гэта тыя, хто “ў 2020 годзе выходзілі на вуліцы ў белых сукенках з кветкамі, іншыя былі арыштаваныя за пратэсты супраць вайны ў 2022 годзе”.

“У турме яны сутыкаюцца з прыгнётам, жорсткім абыходжаннем, збіццём і катаваннямі. У іх менш правоў, чым у звычайных зняволеных. Гэта павінна спыніцца”, — сказала палітык.

Яна выказала надзею, што салідарнасць жанчын ва ўсім свеце дапаможа вызваліць беларускіх жанчын-палітзняволеных.

Перад наведваннем Берліна Ціханоўская была ў Мюнхене, дзе ўдзельнічала ў міжнароднай канферэнцыі па бяспецы.

Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтра “Вясна”, з траўня 2020 года палітычна матываванаму крымінальнаму пераследу падвергнулася ў Беларусі 9.363 чалавекі. На канец студзеня ў Беларусі ў няволі знаходзілася 1.158 палітвязняў, сярод іх 172 жанчыны. Вядома пра мінімум 171 палітвязня ў асабліва ўразлівым становішчы. Колькасць былых палітвязняў склала 3.272 чалавек, у тым ліку 667 жанчын.

Падзяліцца: