Мінск 20:42

Мінздароўя пацвердзіла факт патопу ў Віцебскай бальніцы хуткай меддапамогі, але адмаўляе псаванне абсталявання

Архіўнае фота: сэрвіс "Яндэкс.Мапы"

14 лютага, Позірк. Ліквідаваныя “практычна ўсе наступствы інцыдэнту” ў Віцебскай гарадской бальніцы хуткай меддапамогі, у выніку якога “ў аперацыйны блок і шэраг іншых аддзяленняў бальніцы працякла гарачая вада з паламанай трубы”, паведаміла 14 лютага прэс-служба Міністэрства аховы здароўя.

“Пацярпелых у выніку інцыдэнту не было — у гэты час аператыўныя ўмяшанні ў аперацыйным блоку не праводзіліся, — гаворыцца ў паведамленні. — Уся медыцынская дапамога насельніцтву аказваецца ў поўным аб’ёме — паток пацыентаў з хірургічнай паталогіяй часова пераарыентаваны на Віцебскую абласную бальніцу, дзе выконваюцца неабходныя аператыўныя ўмяшанні”.

Паводле інфармацыі ведамства, вада заліла памяшканні аперацыйнага блока, некалькі палат, калідор хірургічнага і эндаскапічнага аддзяленняў, а таксама шэраг кабінетаў прыёмнага аддзялення. Пры гэтым, як сцвярджаецца, медыцынскае абсталяванне ў гэтых памяшканнях не пацярпела, бо “было накрытае воданепранікальным матэрыялам і вывезенае ў сухія памяшканні”.

Адзначаецца, што ў выніку працёку “было часткова пашкоджанае гіпса-кардоннае пакрыццё столі”, якое сёння рамантуюць або замяняюць. Заяўлена, што “скаргаў з боку пацыентаў пры правядзенні адміністрацыйнага абходу ў складзе галоўнага ўрача, намеснікаў галоўнага ўрача, галоўнай медыцынскай сястры не паступала”.

“Асноўныя аддзяленні ўжо функцыянуюць у звычайным рэжыме. Праца УГД-кабінетаў і ФЭГДС адноўленая. У аперацыйным блоку вядуцца работы па аднаўленні дзейнасці, электразабеспячэнне адноўленае. У найбліжэйшы час пачнуць працу спецыялісты сэрвісных арганізацый, якія адказваюць за працу абсталявання аперблока”, — адзначыла Мінздароўя.

Напярэдадні ініцыятыва “Белыя халаты” са спасылкай на ўласныя крыніцы паведаміла, што ў Віцебскай БХМД “прарвала трубу, у выніку быў затоплены ўвесь аперацыйны блок бальніцы”, вадой заліло “прыёмны спакой і некаторыя палаты, у якіх знаходзіліся пацыенты”.

“Пасля таго як вада пачала вылівацца, на працягу некалькіх гадзін не атрымлівалася знайсці месца прарыву і прадухіліць аварыю, — сцвярджала ініцыятыва. — Шкоду ацэньваюць, як “вельмі вялікую” — не мае шанцаў на аднаўленне некаторае дарагое абсталяванне, у тым ліку лапараскапічныя стойкі і ШВЛ, рэнтген-абсталяванне, а таксама частка запасаў пратэзаў”.

Паводле звестак “Белых халатаў”, у студзені 2021 года ў гэтай бальніцы адбылася падобная аварыя — на трэцім паверсе хірургічнага корпуса “пасля прарыву трубы вада лілася са столі”. “Фактычна патоп адбываўся ў зоне побач з аперацыйнымі. Вада лілася некалькі гадзін, пакуль сантэхнік не ліквідаваў цечу. Але ў той раз абышлося без разбуральных наступстваў. Кажуць, што на гэты раз прарвала тую ж трубу, што і 5 гадоў таму”, — паведаміла ініцыятыва.

Падзяліцца: