Мінск 20:12

Сенатар ЗША Уэлч не бачыць карысці ад уваходжання Беларусі ў “Савет міру”, які стварае Трамп

Сенатар ЗША Пітэр Уэлч
Трансляцыя дыскусіі на МКБ / стоп-кадр: "Позірк"

14 лютага, Позірк. Ва ўваходжанні Беларусі ў “Савет міру”, які стварае прэзідэнт Злучаных Штатаў Амерыкі Дональд Трамп, мала карысці, такое меркаванне выказаў сенатар ЗША Пітэр Уэлч 14 лютага на прысвечанай беларускай тэматыцы панэлі Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы.

Паводле яго слоў, цяпер “Савет міру”, у аснове якога ляжыць пытанне па сектары Газа, ёсць “канцэпцыяй, а не рэальнасцю”.

“Прэзідэнт займаўся прыцягненнем удзельнікаў, але я не маю ўпэўненасці, што згода Беларусі далучыцца прывядзе да рэальнага ўрэгулявання таго, што адбываецца ў Газе, — сказаў амерыканскі парламентарый. — Думаю, гэта своеасаблівая паслуга ў адказ за ўцягнутасць Белага дома ў стасункі з Беларуссю. <…> Я не лічу, што гэта дае падставы чакаць пазытыўных вынікаў для Газы”.

Уэлч канстатаваў, што цяпер у Беларусі “рэпрэсіўны ўрад, сыходзіць ён нікуды не збіраецца”.

“Ён імкнецца выбудоўваць пазітыўныя стасункі з адміністрацыяй Трампа — як мы бачым па далучэнні да “Савета міру”. Але пры гэтым Беларусь пастаўляе значны аб’ём тавараў падвойнага прызначэння ў Расію, спрыяючы яе агрэсіі супраць Украіны. Таму я не бачу ў гэтым нічога асабліва карыснага”, — падкрэсліў ён.

У сваю чаргу міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс назваў уключэнне Беларусі ў “Савет міру” “няўдалай прапановай”. Ён нагадаў, што Вільнюс перадаў матэрыялы ў дачыненні да рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ў Міжнародны крымінальны суд — “паводле абвінавачанняў у злачынствах супраць чалавечнасці, у прыватнасці, за дэпартацыю людзей”, а таксама звярнуўся ў Міжнародны суд ААН “з нагоды выкарыстання міграцыі як інструмента”.

“Таму бачыць яго (рэжым Лукашэнкі. — “Позірк”.) у любой арганізацыі або структуры, у назве якой маецца слова “мір”, — гэта сур’ёзна ўскладняе магчымасць таго, каб мы былі часткай такога фармату”, — падкрэсліў кіраўнік літоўскай дыпламатыі.

15 студзеня Трамп абвясціў пра фармаванне “Савета міру”, які будзе кіраваць аднаўленнем сектара Газа. Стварэнне гэтай структуры ўваходзіць у мірны план амерыканскага лідара для Газы разам з размяшчэннем міжнародных сіл. Плануецца, што яго першае пасяджэнне адбудзецца ў Вашынгтоне 19 лютага.

Узначаліць орган сам прэзідэнт ЗША. Было заяўлена, што ў яго ўстаноўчы выканаўчы савет апрача самога Трампа ўвойдуць дзяржсакратар ЗША Марка Рубіа, спецпрадстаўнік ЗША па Блізкім Усходзе Стывен Уіткаф, зяць Трампа Джарэд Кушнер, былы прэм’ер Вялікабрытаніі Тоні Блэр, намеснік дарадцы па нацыянальнай бяспецы ЗША Роберт Гэбрыэл, кіраўнік Сусветнага банка Аджай Бангка і інвестар Марк Роўэн.

Паводле інфармацыі заходніх СМІ, ЗША запрасілі далучыцца да “Савета міру” больш за 50 дзяржаў.

Лукашэнка падпісаў дакумент аб далучэнні Беларусі да “Савета міру” 20 студзеня. У той жа дзень ён заявіў, што далучэнне Беларусі да “Савета міру” важнае з пункту гледжання магчымасцяў арганізацыі, якая ствараецца Дональдам Трампам.

“Мяне вабіць тое, што гэты “Савет міру”, яго дзеянні, магчымасці могуць распаўсюдзіцца на іншыя часткі планеты. Перш за ўсё, можа быць, і Украіне мы дапаможам, зможам наблізіць мір, зможам паўплываць на кіраўніцтва ўкраінскае. Вось гэта мяне больш за ўсё прываблівае, а не тое, што мы ўжо моцна дапаможам Газе. Я ведаю свае магчымасці і магчымасці Беларусі”, — цытавала Лукашэнку яго прэс-служба.

11 лютага стала вядома, што Лукашэнка не паляціць у ЗША на першую сустрэчу лідараў “Савета міру”, якая, як чакаецца, пройдзе 19 лютага. Афіцыйны Мінск будзе прадстаўляць кіраўнік МЗС Максім Рыжанкоў.

Падзяліцца: