Мінск 14:27

Эксперты НАТО падрыхтуюць для Літвы рэкамендацыі па ўзмацненні абароны ад дронаў і аэрастатаў

Ілюстрацыйнае фота: САДМ Літвы

14 лютага, Позірк. Група падтрымкі НАТО па барацьбе з гібрыднымі пагрозамі 9–13 лютага абмяркоўвала з прадстаўнікамі розных органаў Літвы актуальную сітуацыю ў сферы бяспекі і тыя захады рэагавання, што цяпер прымяняюцца, паведамляе Міністэрства замежных спраў гэтай балтыйскай дзяржавы.

“Па выніках візіту група <…> прадставіць рэкамендацыі па ўзмацненні супрацьпаветранай абароны ад дронаў і паветраных шароў, якія выкарыстоўваюцца для кантрабанды, уключаючы сродкі радыёэлектроннай барацьбы, а таксама прапановы па супрацьдзеянні інфармацыйным пагрозам”, — гаворыцца ў паведамленні.

Паводле інфармацыі МЗС Літвы, Вільнюс папрасіў задзейнічаць групу падтрымкі НАТО напрыканцы мінулага года.

Уварванне паветраных шароў з кантрабанднымі цыгарэтамі з Беларусі ў Літву ўвосені і на пачатку снежня 2025 года стала прычынай неаднаразовага закрыцця Вільнюскага аэрапорта, размешчанага непадалёк ад мяжы. У спробе прымусіць Мінск паўплываць на сітуацыю Літва з 29 кастрычніка па 19 лістапада закрывала мяжу з Беларуссю.

Летась 9 снежня ўрад Літвы абвясціў экстрэмальную сітуацыю дзяржаўнага ўзроўню праз “гібрыдную атаку Беларусі”. Рашэнне было прынятае “ў сувязі з пагрозай нацыянальнай бяспецы дзяржавы і небяспекай для жыцця і здароўя людзей, а таксама для маёмасці і (або) навакольнага асяроддзя, якое ствараецца тым, што на тэрыторыю Літвы з Беларусі запускаюцца паветраныя шары, што перавозяць кантрабанду”.

Спецыяльны пасланнік прэзідэнта ЗША Дональда Трампа па Беларусі Джон Коўл пасля вяртання ў Вільнюс з Мінска, дзе 12 і 13 снежня праводзіў перагаворы з Аляксандрам Лукашэнкам, заявіў, што апошні паабяцаў яму садзейнічаць у спыненні палётаў метэазондаў з Беларусі ў Літву.

20 студзеня 2026 года галоўны дарадца літоўскага прэзідэнта Дэйвідас Матулёніс заявіў, што дастаткова працяглы час Літва амаль не фіксуе сур’ёзнага наплыву кантрабандысцкіх паветраных шароў з Беларусі, сітуацыя “значна палепшылася”.

Літаральна праз тыдзень пасля гэтага, у ноч на 28 студзеня, Літва зафіксавала парушэнне паветранай прасторы з боку Беларусі 42 аб’ектамі з характэрнымі для аэрастатаў прыкметамі. У тую ноч аэрапорт Вільнюса тройчы прыпыняў працу — упершыню з 6 снежня.

Падзяліцца: