Мінск 12:18

Амбасадар Беларусі абмеркаваў у МЗС Ізраіля захаванне памяці пра Халакост

Юрый Ярашэвіч і Якаў Ліўне (злева направа)
Фота: прэс-служба МЗС Беларусі

12 лютага, Позірк. Значнасць захавання гістарычнай памяці пра трагедыю Другой сусветнай вайны і Халакоста абмеркавалі 11 лютага амбасадар Беларусі Юрый Ярашэвіч і першы намеснік генеральнага дырэктара Міністэрства замежных спраў Ізраіля Якаў Ліўне.

Паводле інфармацыі беларускага знешнепалітычнага ведамства, бакі абмеркавалі “шырокі спектр пытанняў двухбаковага парадку дня”. Сярод іншага яны разгледзелі тое, як рэалізуецца праект па стварэнні музея Халакоста і супраціву ў Навагрудку (Гродзенская вобласць).

На сустрэчы было заяўлена, што беларуская дзяржава “надае асаблівую ўвагу” захаванню гістарычна значных для абедзвюх краін аб’ектаў. У гэтым кантэксце было згадана пра нядаўняе аднаўленне будынка яўрэйскай ешывы ў Валожыне (Мінская вобласць).

Адзначаецца, што абмяркоўвалася садзейнічанне таму, каб беларускі бок удзельнічаў у рэлігійных мерапрыемствах у Ізраілі, у тым ліку ў цырымоніі сыходжання Жыватворнага агню ў Іерусаліме. Асобная ўвага, як сцвярджаецца, нададзеная правядзенню ў Ізраілі мерапрыемстваў, прысвечаных 40-й гадавіне чарнобыльскай трагедыі — з улікам таго, што на ізраільскай тэрыторыі зараз жыве каля 1,5 тыс. ліквідатараў катастрофы на ЧАЭС.

Музей Халакоста ў Навагрудку плануецца стварыць на базе ўжо існага Музея яўрэйскага супрацву. 9 ліпеня 2025 года адпаведнае пагадненне падпісалі кіраўнік Навагрудскага раёна Сяргей Чаркоўскі, старшыня Саюза беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і абшчын Артур Ліўшыц і кіраўнік праўладнага Беларускага фонду міру Максім Місько.

Музей плануецца адкрываць паэтапна. Для стварэння стартавай экспазіцыі спатрэбіцца каля 2 гадоў, поўнай — 4–5 гадоў, паведамлялі ўлетку 2025-га дзяржаўныя СМІ.

Аляксандр Лукашэнка спекуляваў на тэме Халакоста. На цырымоніі ля “Кургана Славы” 3 ліпеня 2021 года ён заявіў, што злачынствы нацызму на тэрыторыі Беларусі “падобныя да беларускага халакоста, або халакоста беларускага народа”: “Яўрэі ж змаглі гэта даказаць. Увесь свет сёння схіляецца перад імі, нават баяцца пальцам у іх паказаць, а мы такія талерантныя, такія добрыя, нікога не хацелі пакрыўдзіць”.

Акрамя таго, палітык неаднаразова дазваляў сабе антысеміцкія выказванні.

14 чэрвеня 2024 года, кажучы пра карупцыйную крымінальную справу, адным з фігурантаў якой з’яўляецца яго былы памочнік — інспектар па Віцебскай вобласці Ігар Брыло, спікер заявіў: “Не буду нагадваць і паўтараць. Прыцягнутыя на сёння тры дзясяткі чалавек. Вы мяне прабачце, я не антысеміт, але больш за палову — яўрэі. Яны што ў нас прывілеяванае становішча займаюць, што яны крадуць і не думаюць пра сваю будучыню? Усе аднолькавыя перад законам — і яўрэй, і беларус, і ўкраінец, і рускі, і паляк. Вінаваты — будзе сядзець”.

Праз два дні Ісраэль Кац, які тады займаў пасаду міністра замежных спраў Ізраіля, заявіў, што выказванні Лукашэнкі “непрымальныя і абуральныя”, “гучаць як відавочна антысеміцкія”.

Пазней стала вядома, што праз іх была скасаваная прызначаная ў Ізраілі канферэнцыя, прысвечаная 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

У 2007 годзе Лукашэнка пахваліўся перад расійскімі журналістамі абноўленым Бабруйскам (Магілёўская вобласць): “Калі вы былі ў Бабруйску, вы бачылі, у якім стане горад. У яго страшна было зайсці! Свінушнік быў! Гэта ў асноўным быў яўрэйскі горад. Ну, вы ведаеце, як яўрэі ставяцца да месца, дзе яны жывуць. Паглядзеце ў Ізраілі”.

МЗС краіны асудзіла гэтыя выказванні як антысеміцкія.

Вядомыя і іншыя факты, калі Лукашэнка дазваляў сабе падобныя рэчы.

Афіцыйны Мінск публічна выбудоўвае стасункі як з Ізраілем, так і з Палестынай, якія паміж сабой варагуюць.

28 студзеня 2026 года МЗС Беларусі паведаміла пра тое, што палестынскі амбасадар Камал Ал-шахр уручыў копіі даверчых грамат першаму намесніку міністра Сяргею Лукашэвічу. Бакі абмеркавалі “актуальныя пытанні супрацы паміж Беларуссю і Палестынай, а таксама сітуацыю ў блізкаўсходнім рэгіёне” і “пацвердзілі гатоўнасць да далейшай сумеснай працы ў мэтах актывізацыі двухбаковых стасункаў”.

На сённяшні дзень Палестыну прызнае больш за 150 краін. Ніводнае беларускае дыппрадстаўніцтва, уключаючы амбасаду ў Ізраілі, не акрэдытаванае для працы ў Палестыне.

Амбасада Ізраіля ў Мінску з 2020 года ўзначальваецца павераным у справах.

Падзяліцца: