Мінск 16:39

Літоўская спецслужба заклікала грамадзян “не ўцягвацца ў шкоднасную дзейнасць і правакацыі” КДБ Беларусі

Ілюстрацыйнае фота: сайт Дэпартамента дзяржбяспекі Літвы

11 лютага, Позірк. Не паддавацца на правакацыю КДБ Беларусі, якая распаўсюджваецца ў “Ютубе”, і “не ўцяшвацца ў шкоднасную дзейнасць замежнай дзяржавы”, за якую прадугледжана крымінальная адказнасць, заклікаў грамадзян Літвы Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі (ДДБ) гэтай балтыйскай краіны.

“У сацыяльных сетках распаўсюджваецца відэа на YouTube, аўтарам якога прадстаўляецца КДБ Беларусі, — гаворыцца ў паведамленні на старонцы спецслужбы ў “Фэйсбуку”. — У запісе на літоўскай мове сярод іншага гаворыцца пра праблемы, “якія выклікае несправядлівасць урада”. Ахвочым абмеркаваць гэта прапануецца звязацца з КДБ Беларусі праз пазначаны “бяспечны канал”.

Ведамства нагадала, што выведніцкія службы Расіі і Беларусі актыўна выкарыстоўваюць сацыяльныя сеткі “для пошуку патэнцыйных агентаў, іх вярбоўкі і падтрымання з імі сувязі”.

Грамадзян, якія падазраюць, што зазналі спробы вярбоўкі, шпіёнскую дзейнасць з боку “выведніцкай службы варожых дзяржаў”, просяць “інфармаваць літоўскую выведку”.

Асоб, што пражываюць у Літве, якія ўжо ўцягнутыя ў дзейнасць выведніцкіх службаў РФ, Беларусі або атрымалі прапанову на супрацу, заклікаюць звярнуцца ў ДДБ і “скарыстацца прадугледжанай законамі Літоўскай Рэспублікі магчымасцю вызвалення ад крымінальнай адказнасці”.

У выпадку сутыкнення з выведніцкімі службамі за мяжой грамадзянам Літвы рэкамендавана “неадкладна звяртацца” ў дыпламатычнае прадстаўніцтва краіны або звязацца з ДДБ пасля вяртання на радзіму.

У снежні 2025 года літоўская выведка паведаміла, што “фіксуе новае правакацыйнае дзеянне, скіраванае на ўцягванне грамадзян і жыхароў Літвы ў злачынную дзейнасць у інтарэсах мінскага рэжыму”. Паведамлялася, што беларускія спецслужбы падманам схіляюць літоўцаў запускаць паветраныя шары з Беларусі.

Падзяліцца: