Мінск 09:02

Мінабароны не будзе перадаваць Дзяржатамнагляду падрабязныя звесткі пра засакрэчаныя крыніцы радыяцыі

Ілюстрацыйнае фота: Аляксандра Бардаш / unsplash.com

11 лютага, Позірк. Міністэрства абароны не будзе перадаваць Дэпартаменту па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы МНС (Дзяржатамнагляд) падрабязныя звесткі пра засакрэчаныя крыніцы радыяцыі, вынікае з пастановы ваеннага ведамства № 20 ад 22 верасня 2025 года.

Дакумент, што зацвярджае палажэнне пра ўлік і кантроль крыніц іянізавальнага выпраменьвання (КІВ), якія выкарыстоўваюцца ў мэтах абароны, узгоднены з МНС, МУС, Мінтрансам, КДБ, Упраўленнем справамі прэзідэнта і апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале праз чатыры з паловай месяцы пасля падпісання — 11 лютага 2026-га.

Згодна з адным з пунктаў палажэння, даныя пра крыніцы (“у тым ліку з утрымаеннем ядзерных матэрыялаў — хімічных злучэнняў урану, плутонію і торыю ў любым агрэгатным стане”), якія ўтвараюць звесткі Мінабароны, што “маюць быць засакрэчаныя”, перадаюцца ў Дзяржатамнагляд у выглядзе “агульнай колькасці ўсіх КІВ з указаннем тыпаў КІВ, іх колькасці, актыўнасці, радыенукліду”.

Пад КІВ, якія выкарыстоўваюцца ў мэтах абароны, у палажэнні разумеюцца радыеактыўныя рэчывы або радыяцыйныя прылады, што ўваходзяць у склад узораў узбраення, вайсковай і спецыяльнай тэхнікі Узброеных сіл, іншых войскаў і вайсковых фарміраванняў.

Пры гэтым прыводзіцца канкрэтны пералік гэтых крыніц:

  • універсальны вымяральнік “ИМД-12” (мае крыніцы бэта-выпраменьвання тыпаў Т-15, 1СО-534 і 1СО-325 з ізатопамі стронцыю-90 і ітрыю-90, а таксама крыніца альфа-выпраменьвання тыпу 1П9 з ізатопам плутонію-239);
  • вымяральнік магутнасці дозы “ИМД-21” (крыніца альфа-выпраменьвання тыпу Т-21 з ізатопам плутонію-239);
  • вымяральнік магутнасці дозы “ИМД-1Р” мадэлі С (крыніца бэта-выпраменьвання тыпу Т-16 з ізатопамі стронцыю-90 і ітрыю-90);
  • прыборы радыяцыйнай і хімічнай выведкі РАП-1, ГА-21, ПКУЗ-1А (крыніца альфа-выпраменьвання тыпу “АИП-РИГ” з ізатопам плутонію-239);
  • аўтаматычны сігналізатар для выяўлення аэразоляў адмысловых прымешкаў АСД (крыніца бэта-выпраменьвання тыпу “БИС-МНА-1” з ізатопамі стронцыю-90 і ітрыю-90);
  • рэнтгенметры-радыёметры ДП-5 мадэляў Б і В, а таксама індыкатары-сігналізатары ДП-64, ДП-63А (крыніца бэта-выпраменьвання тыпу Б-8 з ізатопамі стронцыю-90 і ітрыю-90);
  • радыеізатопных сігналізатар абледзянення “РИО-3” (крыніца бэта-выпраменьвання тыпу “БИС-4АН” з ізатопамі стронцыю-90 і ітрыю-90);
  • градуявальнае абсталяванне “СО-6” (цэзіевыя крыніцы гама-выпраменьвання).

Згодна з дакументам, адміністраваць сістэму ўліку і кантролю даручана службовым асобам упраўлення радыяцыйнай, хімічнай, біялагічнай абароны і экалогіі Генеральнага штаба Узброеных сіл праз 106-ы разлікова-аналітычны цэнтр войскаў РХБ-абароны.

Асобы, адказныя за радыяцыйную бяспеку, павінны рэгістраваць у журнале ўсе КІВ, што выкарыстоўваюцца ў мэтах абароны, якія паступаюць у арганізацыю. Штогод да 1 лістапада мае праводзіцца інвентарызацыя такіх крыніц. Звесткі пра праведзеную інвентарызацыю перадаюцца ў арганізацыю больш высокага парадку.

Непадведамасныя дзяржорганы і арганізацыі маюць падаваць звесткі па выніках інвентарызацыі непасрэдна адміністратару сістэмы ўліку і кантролю.

У дакуменце адзначана, што ўлік і кантроль КІВ вядуцца для “нагляду за абыходжаннем” з імі, забеспячэння іх захаванасці, выяўлення страты або крадзяжу, прадухілення несанкцыянаванага выкарыстання, садзейнічання пры расследаванні незаконнага абароту або радыелагічных НС ды інш.

Падзяліцца: