Мінск 02:57

Аптымізацыя Акадэміі навук не закране дзейнасць навуковых супрацоўнікаў — Каранік

Ілюстрацыйнае фота: сайт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі

9 лютага, Позірк. Запланаваная аптымізацыя Нацыянальнай акадэміі навук (НАН) не закране дзейнасць навуковых супрацоўнікаў і даследчыкаў, заявіў старшыня прэзідыума НАН Уладзімір Каранік 9 лютага пасля нарады ў Аляксандра Лукашэнкі па праекце ўказа “Аб удасканаленні навуковай дзейнасці”.

Аптымізацыя закране толькі тую частку НАН, “якая не генеруе новыя веды і не вырашае навуковае пытанне”, запэўніў ён (на падставе відэафрагменту ў неафіцыйным тэлеграм-канале прэс-службы Лукашэнкі).

Каранік падкрэсліў, што навука фінансуецца і будзе фінансавацца, цяпер абмяркоўваецца пытанне падвышэння эфектыўнасці гэтага працэсу.

“Аптымізацыя закране ўсе сферы дзейнасці Акадэміі навук, у тым ліку і гуманітарную, але трэба разумець, што аптымізацыя не скіраваная на скарачэнне напрамкаў навуковых даследаванняў і навуковага пошуку. Аптымізацыя, у першую чаргу, закліканая пазбавіцца ад грувасткай і неэфектыўнай структуры кіравання”, — заявіў кіраўнік галоўнага навуковага ведамства.

Паводле яго слоў, да абмеркавання аб’ёмаў фінансавання інфраструктуры НАН плануецца правесці рэвізію, “дапамагчы як бы пазбавіцца ад няпрофільных актываў і таго, у чым Акадэмія навук не мае патрэбы”.

Гэта варта зрабіць, каб НАН не несла “накладныя выдаткі” на ўтрыманне непатрэбных будынкаў, напрыклад, спарахнелых, патлумачыў спікер.

“Калі мы аптымізуем структуру, калі прыбярэм няпрофільныя актывы, тады вернемся да пытання, якім чынам фінансаваць у рамках бюджэтнага каштарысу тое, што патрабуе фінансавання наўпрост з бюджэту. То бок у прынцыпе праект указа падтрыманы. Частка палажэнняў накіраваная на дапрацоўку”, — сказаў Каранік.

Паводле яго слоў, на фінансаванне НАН у 2026 годзе запланавана на 23% больш сродкаў, чым годам раней; сума складзе 0,6% ВУП. Пры гэтым праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця прадугледжвае двухразовы рост выдаткаў на навукова-тэхнічную дзейнасць за бліжэйшыя пяць гадоў.

“І таму ідуць такія дыскусіі, ідзе абмеркаванне ўказа. Гэтыя грошы павінны працаваць, — падкрэсліў Каранік. — Гэта не павінна быць проста праяданне або, як у нас кажуць, асваенне сродкаў. Гэта павінна быць тое, што дасць канкрэтны вынік. Прэзідэнт яшчэ раз паўтарыў, што на навуцы ніхто эканоміць не будзе. Ён будзе і надалей стымуляваць рэальны сектар эканомікі для таго, каб ён звяртаўся ў навуковую сферу для вырашэння сваіх наяўных праблем — менавіта да айчыннай навукі, а не імкнуўся купляць гатовыя імпартныя тэхналогіі і плаціў паводле сусветных расцэнак”.

“І ён (Аляксандр Лукашэнка. — “Позірк”.) кажа, [маўляў,] ну, а тут ужо гэта будзе задача ваша, як бы не падмануць спадзевы нашых вытворцаў і выдаць якасны навукова-тэхнічны тавар. Калі ўсё атрымаецца, <…> пытанне, дзе знайсці грошы на наяўны рамонт і ацяпленне, у навуковых арганізацый стаяць не будзе”, — дадаў старшыня прэзідыума НАН.

Лукашэнка на нарадзе падкрэсліў, што фінансаванне навуковай дзейнасці і аплата працы навукоўцаў маюць залежаць перш за ўсё ад выніку.

“Маецца вынік — плацім. Няма выніку — ніякіх грошай не будзе. Як бы там нашы безумоўна разумныя вучоныя людзі ні падавалі гэтае пытанне”, — цытуе палітыка яго прэс-служба.

Лукашэнка прызначыў Караніка старшынёй прэзідыума НАН 22 траўня 2025 года. На той момант чыноўнік займаў пасаду намесніка прэм’ер-міністра. На чале Акадэміі навук ён змяніў Уладзіміра Гусакова, які ўзначальваў НАН з кастрычніка 2013 года.

Лукашэнка рэгулярна крытыкуе працу Нацыянальнай акадэміі навук. 5 жніўня 2025 года ён заявіў пра недастатковую эфектыўнасць працы ўстановы, паведаміўшы пра намер да канца года сустрэцца з “навуковай грамадскасцю” і “абмеркаваць праблемы развіцця навукі”.

Такая нарада адбылася 21 лістапада. На ёй палітык паскардзіўся, у прыватнасці, што беларускія навукоўцы не змаглі узняць свой статус “на найвышэйшы ўзровень” — як сілавікі ў 2020 годзе, а таксама заявіў пра “натуральнае старэнне навуковых кадраў, асабліва ў фундаментальных кірунках”, і традыцыйна заявіў пра выдзяленне фінансавання на тыя навуковыя распрацоўкі, якія прыносяць аддачу ў эканоміцы краіны.

Там жа Лукашэнка заявіў пра неабходнасць правесці ў 2026 годзе чарговы (трэці) З’езд беларускіх навукоўцаў (папярэднія — у 2007 і 2017 гадах).

За гады свайго кіравання Лукашэнка фактычна забіў беларускую навуку — дарадца Ціханоўскай

21 лістапада, Позірк. Калі б у навуковую сферу ўклалі "хаця б 10%" ад таго, што "закапалі ў неэфектыўную сельскую гаспадарку", беларусы "жылі б у зусім іншай краіне", заявіў дарадца дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай па навуцы і адукацыі Павел Церашковіч. Паводле …
Падзяліцца: