“Беларускі пункт нязломнасці” ў Кіеве штодзень прымае па 70–80 чалавек, плануецца пашырыць прастору

7 лютага, Позірк. Плануецца пашырыць прастору арганізаванага ў Кіеве “Беларускага пункта нязломнасці”, вынікае з паведамлення прадстаўніцы валанцёрскага цэнтра “Сустрэча” Алены Жаркевіч.
“Мы сталі менш карміць людзей — рабочыя брыгады, якіх мы падтрымлівалі раней, ужо падхапілі іншыя ініцыятывы. І гэта добра. Значыць, сістэма працуе, — напісала яна на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку”. — Цяпер да нас прыходзяць мясцовыя. Прыходзяць бабулі. Прыходзяць дзеці днём — пагрэцца, паесці, проста пабыць у цяпле”.
“Сёння за дзень у нас бывае каля 70–80 чалавек. І я разумею: гэтая лічба будзе расці. Наш пункт стаіць у Дарніцкім раёне. Гэта раён, дзе ацяплення не будзе дакладна два месяцы.
Таму стаяць мы тут будзем доўга”, — дадала Жаркевіч.
У сувязі з гэтым прадстаўніца цэнтра папрасіла адгукнуцца беларусаў, якія маюць магчымасць “дапамагчы з большым намётам”. “Наш цяперашні намёт вельмі добры, ён ужо зрабіў вялікую справу за паўтара тыдні. Але я баюся, што за два месяцы людзей стане значна больш, і мы проста фізічна не зможам усіх змясціць”, — патлумачыла яна.
Жаркевіч таксама папрасіла дасылаць грэлкі: “Мы адпраўляем іх на фронт. Але некалькі яшчыкаў стаялі ў нас у намёце, і мясцовыя жыхары, убачыўшы іх, пачалі прасіць і для сябе. І мы не маглі не аддаць. Сёння гэтыя грэлкі мы выдаем і дзецям, і бабулькам — тым, у каго дома холадна”.
“Збор на грэлкі будзе трываць столькі, колькі будуць маразы. Тое, што зможам, мы адправім на фронт. А тое, што не — застанецца тут, у пункце нязломнасці. Бо гэта таксама неабходна. І я веру: калі ў сваіх кватэрах, пад коўдрай, людзі пакладуць сабе маленькую грэлачку — яны будуць думаць пра нас. Пра беларусаў. Пра тых, хто быў побач у цяжкі час”, — адзначыла прадстаўніца цэнтра.
Заклік далучыцца да стварэння “Беларускага пункта нязломнасці” — адмыслова абсталяванай лакацыі з магчымасцю абагрэцца і атрымаць базавую дапамогу ў сітуацыі адключэння святла і цяпла — упершыню з’явіўся ў тэлеграм-канале “Сустрэчы” ў сярэдзіне студзеня. Неўзабаве пасля гэтага Жаркевіч паведаміла, што валанцёрскі цэнтр атрымаў месца для яго арганізацыі. Пункт пачаў працаваць напрыканцы мінулага месяца.
Летась у лістападзе Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі прызнала “Сустрэчу” “экстрэмісцкім фарміраваннем”.
24 лютага 2022 года Расія распачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны — найбуйнейшую ў Еўропе пасля Другой сусветнай. Рэжым Аляксандра Лукашэнкі надаў войску РФ тэрыторыю для нападу на суседнюю краіну ўзімку і ўвесну 2022 года, а пасля на працягу многіх месяцаў з Беларусі вяліся абстрэлы ўкраінскіх гарадоў. На тэрыторыі краіны таксама лячылі расійскіх вайскоўцаў. Паводле звестак журналістаў-расследавальнікаў, многія беларускія прадпрыемствы цяпер актыўна займаюцца вытворчасцю на карысць расійскага вайскова-прамысловага комплексу.

- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 6 лютага 2026 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаУ студзені 2026 года 41 грамадзяніну Беларусі было загадана пакінуць Літву, дэпартавана — 5 (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаБольш за палову заяў на прытулак у Літве ў студзені 2026 года падалі беларусы (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства


