Ціханоўская распачала працу ў Варшаве

6 лютага, Позірк. Беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская на гэтым тыдні распачала працу ў Варшаве, дзе хутка адкрыецца яе офіс, паведамляецца ў тэлеграм-канале палітыка.
Пры гэтым адзначаецца, што Офіс Ціханоўскай як палітычная структура будзе прадстаўлены як у польскай, так і ў літоўскай сталіцы. “Разам з адкрыццём офіса ў Варшаве офіс у Вільнюсе працягвае працу, захоўваючы рэгістрацыю і дыпламатычную акрэдытацыю”, — гаворыцца ў паведамленні.
Заяўлена, што ў Варшаву пераедзе частка каманды — “тыя, хто валодае польскай мовай і добра ведае польскі кантэкст”. У прыватнасці, гаворка ідзе пра галоўнага дарадцу палітыка Франака Вячорку і яе старшага дарадцу Аляксандра Дабравольскага. Каманда Ціханоўскай мяркуе, што гэта дапаможа “ўзмацніць стасункі з Польшчай”.
Цяпер “праходзяць сустрэчы з прадстаўнікамі беларускай супольнасці”, вядзецца “падрыхтоўка фізічнай прасторы да пачатку працы”.
Ціханоўская заявіла, што будзе імкнуцца “часта наведваць Літву”. Яна хацела б, каб Вільнюс застаўся “дыпламатычным цэнтрам працы, роўна як і адным з цэнтраў беларускіх дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці”.
“Менавіта таму большая частка маёй каманды, уключаючы міжнародны дэпартамент, працягне працу ў Літве. Дырэктарам вільнюскага офіса будзе мой дарадца па дыпламатычных пытаннях Дзяніс Кучынскі”, — адзначыла палітык.
“Мы пашыраем дзейнасць на Варшаву, і, спадзяюся, нашая прысутнасць тут узмоцніць каардынацыю з польскімі і міжнароднымі саюзнікамі, а таксама з беларускай супольнасцю ў Польшчы. Менавіта ў Польшчы цяпер знаходзіцца найбольшая беларуская супольнасць у выгнанні. Разам з тым мы працягваем працу ў Літве і з літоўскім урадам. Мы ўдзячныя польскаму і літоўскаму ўрадам за бесперапынную падтрымку нашага руху і салідарнасць”, — дадала яна.
Заяўлена, што Офіс Ціханоўскай разам з Аб’яднаным пераходным кабінетам, Народным антыкрызісным упраўленнем, Каардынацыйнай радай, грамадскімі і праваабарончымі ініцыятывамі, міжнароднымі партнёрамі, а таксама арганізацыямі сістэмнай дапамогі “працягне працу дзеля вызвалення палітвязняў і спынення рэпрэсій”.
Офіс таксама “будзе працягваць працу над вырашэннем праблем беларусаў за мяжой і ўнутры краіны, прыцягваць увагу да Беларусі, адвакатаваць міжнародную падтрымку незалежных медыя, культурных і адукацыйных ініцыятыў, а таксама набліжаць Беларусь да перамен”.
1 лютага Вячорка заявіў у эфіры тэлеканала “Белсат”, што Офіс Ціханоўскай вядзе перамовы з уладамі Польшчы наконт “пашырэння [сваёй] працы” ў Варшаве. “Я думаю, што адкрыецца непасрэдна ў самой Варшаве фізічная прастора і частка каманды туды перабярэцца ўжо ў найбліжэйшы час, у найбліжэйшыя тыдні”, — заявіў ён тады.
Паводле слоў Вячоркі, “міжнародная каманда <…> застанецца пакуль у Вільнюсе”, бо мае ў Літве дыпламатычную акрэдытацыю.
Працэс ён ахарактарызаваў не як пераезд, а як “перафарматаванне працы”, якое будзе адбывацца паступова.
На пытанне, ці мае намер сам Вячорка пераязджаць у польскую сталіцу, дарадца Ціханоўскай тады адказаў, што “плануе больш быць у Варшаве, чым было раней”.
У сталіцы Польшчы, на яго думку, у Офіса Ціханоўскай будзе больш магчымасцяў мець зносіны з беларускімі ініцыятывамі, арганізацыямі, “партнёрамі па [Аб’яднаным пераходным] кабінеце, Каардынацыйнай радзе”.
“Пачынаючы з пятніцы (30 студзеня), голас Святланы Ціханоўскай у абарону свабоднай Беларусі будзе чутны з Варшавы”, — паведаміла ў той дзень польская газета Rzeczpospolita са спасылкай на інфармацыю, дадзеную ёй дэмлідарам падчас знаходжання ў горадзе 24 студзеня.
У інтэрв’ю Ціханоўская адзначыла — пасля таго як стала вядома пра зніжэнне ўзроўню яе аховы ў Літве, менавіта Варшава ёй “першай працягнула руку дапамогі”.
Тады Вячорка паведаміў, што Ціханоўская і яе офіс пакуль знаходзяцца ў Вільнюсе, і заклікаў дачакацца афіцыйных паведамленняў.
Дыпламатычны дарадца беларускага дэмакратычнага лідара Дзяніс Кучынскі 22 студзеня заявіў, што з Вільнюса ў Варшаву пераедзе толькі частка офіса Ціханоўскай, яго дзейнасць у Літве будзе таксама працягнутая.
Пра тое, што Ціханоўская разам са сваёй камандай пераедзе з Літвы ў Польшчу, 17 студзеня паведаміла агенцтва AFP. У матэрыяле гаварылася, што гэтую інфармацыю агенцтву пацвердзілі “чатыры чалавекі з акружэння” палітыка, а таксама польскае Міністэрства замежных спраў.
7 кастрычніка 2025 года стала вядома, што Літва знізіла ўзровень фізічнай аховы Ціханоўскай. Афіцыйная прычына — рэвізія ступені пагроз. Шэраг літоўскіх палітыкаў раскрытыкаваў гэтае рашэнне; прэзідэнт Гітанас Наўседа заявіў, што сітуацыя з аховай Ціханоўскай драматызуецца.
17 кастрычніка з’явілася інфармацыя, што літоўскія ўлады часова вярнулі Ціханоўскай ахову — да тае пары, пакуль не будзе сфармаваная новая сістэма бяспекі.
19 снежня стала вядома, што ахову Ціханоўскай у Літве будзе забяспечваць мясцовая паліцыя. Дарадца літоўскага прэм’ер-міністра Альгірдас Дабравольскас у той жа дзень заявіў, што ахова беларускага палітыка “адпавядае ўзроўню пагрозы”.

- Грамадства, ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 6 лютага 2026 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаУ студзені 2026 года 41 грамадзяніну Беларусі было загадана пакінуць Літву, дэпартавана — 5 (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаБольш за палову заяў на прытулак у Літве ў студзені 2026 года падалі беларусы (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Эканоміка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка


