Мінск 20:02

Чарговы перапіс насельніцтва Беларусі пройдзе ў кастрычніку 2029 года

Ілюстрацыйнае фота: Aaron Burden / unsplash.com

6 лютага, Позірк. “Галоўным праектам” для органаў статыстыкі на найбліжэйшыя пяць гадоў з’яўляецца перапіс насельніцтва Беларусі, заявіла кіраўніца Нацыянальнага статыстычнага камітэта Іна Мядзведзева.

Паводле інфармацыі прэс-службы ведамства, чыноўніца выказалася наконт гэтага 6 лютага на пашыраным пасяджэнні калегіі Белстата.

ДзяржСМІ са спасылкай на Мядзведзеву ўдакладняюць, што перапіс адбудзецца ў кастрычніку 2029-га.

Кіраўніца статыстычнага ведамства, паводле інфармацыі яго прэс-службы, паабяцала, што ў перапісным лісце будзе захаваны апытальнік па сельскагаспадарчай дзейнасці насельніцтва, паколькі “гэтая практыка добра зарэкамендавала сябе ў папярэднім раўндзе”.

“У будучым перапісе Белстат плануе максімальна выкарыстаць альтэрнатыўныя крыніцы даных і сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі, — заявіла яна. — Ужо сёлета распачнецца распрацоўка прататыпа статыстычнага рэгістра насельніцтва. Ён аб’яднае звесткі, якія ўжо маюцца ў розных інфармацыйных сістэмах і рэсурсах. Гэта дасць магчымасць максімальна прадзапоўніць перапісныя лісты ды істотна знізіць нагрузку на рэспандэнтаў і перапісны персанал”.

Мядзведзева таксама адзначыла, што ўжо вызначаны папярэдні пералік дзяржорганаў, якія будуць прадастаўляць даныя для напаўнення рэгістра.

Да “будучай маштабнай працы” плануецца прыцягнуць мабільных аператараў, з якімі ўжо “вядзецца ўзаемадзеянне”: “Створаная экспертная група, якая ўключае прадстаўнікоў Белстата, мабільных аператараў і правайдара хмарных рашэнняў”.

“Ужо падрыхтаваныя метадалагічныя падыходы, вызначаныя этапы і тэрміны іх выканання. Сёлета плануецца правесці пілотнае тэставанне магчымасцей тэхналогій мабільнага пазіцыянавання”, — паведаміла кіраўніца Белстата.

Пра тое, што пры апрацоўцы звестак, атрыманых падчас перапісу насельніцтва Беларусі, плануецца выкарыстаць штучны інтэлект, Мядзведзева заяўляла летась у жніўні.

“Будучыя перапісы — гэта тэма для выкарыстання штучнага інтэлекту, — сказала чыноўніца. — Як звычайна, правядзенне перапісу — гэта адна справа, але іншая справа — атрымаць якасна дакладныя даныя па выніках перапісу”.

Тады яна адзначала, што наяўнасць штучнага інтэлекту статыстыкам цікавая тым, што ШІ “дазваляе апрацоўваць і аналізаваць вялікія аб’ёмы даных”.

Папярэдні, трэці па ліку ў суверэннай гісторыі перапіс насельніцтва ў Беларусі, прайшоў у кастрычніку 2019 года. Афіцыйна мэтай перапісу было названа атрыманне інфармацыі, неабходнай для “распрацоўкі дзяржаўных доўгатэрміновых прагнозаў сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, наяўных разлікаў і прагназавання колькасці і складу насельніцтва, вывучэння размяшчэння і выкарыстання працоўных рэсурсаў, ажыццяўлення навуковых даследаванняў”.

Падзяліцца: