Лукашэнка настойвае на далейшай эканоміі вулічнага асвятлення

6 лютага, Позірк. На далейшай эканоміі вулічнага асвятлення настойвае Аляксандр Лукашэнка. Сваю пазіцыю ён чарговы раз прадставіў 6 лютага ў Мінску на нарадзе з кіраўніцтвам Савета міністраў.
Палітык, відэафрагмент прамовы якога апублікаваў неафіцыйны тэлеграм-канал яго прэс-службы, мяркуе, што скарачэнне часу працы вулічнага асвятлення нават на кароткі прамежак дае ў маштабах краіны значную эканомію грашовых сродкаў.
“[Старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір] Кухараў на пятнаццаць хвілін або на дзесяць нават святло выключыў раней — божа мой, з Украінай параўналі. Дзесяць хвілін! А ніхто не палічыў, што гэтыя дзесяць-пятнаццаць хвілін [адсутнасці асвятлення], як Уладзімір Яўгенавіч кажа, па годзе даюць тры малочнатаварныя комплексы паводле кошту і сем прафілакторыяў для цялят, як модна цяпер казаць”, — сказаў ён.
Лукашэнка таксама згадаў пра падвышэнне пенсій на 10% з 1 лютага (“я падпісаў указ”): “Калі за год узяць гэтую эканомію [на вулічным асвятленні], гэта практычна гэтае падвышэнне. Дзесяць хвілін пацярпець [адсутнасці святла]”.
У Мінску, на думку спікера, дастаткова дадатковых крыніц асвятлення апрача вулічных ліхтароў, напрыклад, “святло ад будынкаў, жылых дамоў, вітрын”.
Паводле сцвярджэння Лукашэнкі, напярэдадні нарады ён асабіста паназіраў за тым, наколькі светла на вуліцы ў той ці іншы час: “Раз у акно, другі раз, на вуліцу выйшаў — ну, калі можна наогул выключыць святло? Трэба аддаць належнае: нарэшце губернатар Мінскай вобласці выключыў святло ў вёсках вакол вёскі прэзідэнта. Дзякуй вам”.
Палітык даручыў чыноўнікам яшчэ раз прааналізаваць і пры неабходнасці дадаткова наладкаваць сістэму працы вулічнага асвятлення з улікам сталай зменлівай працягласці светлавога дня.
Наконт наяўнасці ў Беларусі ўласнай АЭС і электрычнасці, што там выпрацоўваецца, Лукашэнка сказаў, што эксплуатацыя станцыі, яе абслугоўванне і своечасовая замена паліва патрабуюць выдаткаў.
“Адна зарадка паліва каштуе 150 мільёнаў долараў, як раней будаўнікі мне казалі. Цяпер, напэўна, 200 мільёнаў долараў. Пастаянна, на працягу пяці гадоў, порцыямі мы з рэактара вымаем уранавыя стрыжні і туды закладваем новыя. Гэта немалыя грошы. Усё каштуе грошай. Таму, калі гатовыя плаціць, можна і зараз свяціць”, — сказаў ён.
Спікер не выключыў, што “актыўнае раскручванне тэмы” вулічнага асвятлення з’яўляецца “інфармацыйна-псіхалагічнай спецаперацыяй” супраць Беларусі.
4 лютага “карэктаванне рэжымаў працы вулічнага асвятлення ў населеных пунктах” абмеркавалі ў Міністэрстве энергетыкі. Энергетыкам было даручана разам з мясцовымі органамі ўлады выпрацаваць “агульны падыход да вызначэння графікаў вулічнага асвятлення з улікам сацыяльных стандартаў і асаблівасцяў сельскіх населеных пунктаў”.
Чакаецца, што ў асноўным рэжымы асвятлення будуць фармавацца “з улікам часу ўзыходу і заходу сонца”. У зонах падвышанай небяспекі (школы, бальніцы, пешаходныя пераходы) будзе прымяняцца асаблівы рэжым, гаворыцца ў паведамленні.
На нарадзе па асобных пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця Віцебскай вобласці 3 лютага ў Мінску Лукашэнка запатрабаваў ад падначаленых “скарэктаваць рэжым асвятлення на вуліцах”.
“Выйду ў Астрашыцкім Гарадку (пасёлак у Мінскім раёне, побач з якім знаходзіцца рэзідэнцыя Лукашэнкі. — “Позірк”.), да прыкладу, і ў іншых вёсках, — заявіў ён. — Учора ў 6 гадзін вечара ўся Мінская вобласць свеціцца. Гараць агні. <…> Усе на вуліцах ліхтары ўключаны, усё ззяе. Мінская вобласць і туды далей — усё гарыць. А шостай гадзіне вечара. Навошта? Ужо а палове на восьмую можна адключыць ранкам святло на вуліцы, асабліва цяпер, калі святла шмат. Не — усе ліхтары гараць”.
“Наракайце самі на сябе. Будзеце плаціць мінімум са сваёй кішэні”, — сказаў ён чыноўнікам.
Паводле слоў Лукашэнкі, яму паведамілі пра “некарэктную працу фотаэлементаў”. “Глупства поўная. Адрэгулюйце гэтыя фотаэлементы, каб электрычнасць аўтаматычна са штучным вашым інтэлектам адключалася а 7 гадзіне ранкам. І загаралася святло не а 6 гадзіне ўвечары, а у 8. Палічыце — 4–5 гадзін [лішніх] гарыць уся краіна, свеціцца. Колькі мы марнуем грошай! Вось вашыя падыходы”, — дадаў Лукашэнка.
На яго думку, з такім падыходам чыноўнікі “краіну хочуць прывесці да вайны”: “Ну дык майце на ўвазе, што нам жа наперадзе давядзецца ісці. Вам у штурмавых атрадах давядзецца”.
На наступны дзень у шматлікіх гарадах Беларусі ліхтары загарэліся толькі ў 19:00–20:00. У сацыяльных сетках людзі абураліся тым, што, напрыклад, Мінск цягам гадзіны пасля заходу сонца практычна занурыўся ў цемру. Многія палічылі гэта небяспечным у мегаполісе.
Варта адзначыць, што беларускі рэжым рэгулярна заяўляе пра энергетычную бяспеку краіны, што сярод іншага дасягнутая дзякуючы Беларускай атамнай электрастанцыі.
- Грамадства
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаУ студзені 2026 года 41 грамадзяніну Беларусі было загадана пакінуць Літву, дэпартавана — 5 (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаБольш за палову заяў на прытулак у Літве ў студзені 2026 года падалі беларусы (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Эканоміка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства



