Мінск 14:30

Затрыманы ў Польшчы супрацоўнік Мінабароны наведваў Беларусь і адкрыта выказваў прарасійскія погляды — СМІ

Ілюстрацыя: pixabay.com

6 лютага, Позірк. Затрыманы ў Польшчы 60-гадовы чыноўнік Міністэрства нацыянальнай абароны (МНА) быў ідэнтыфікаваны як асоба, якая супрацоўнічае з беларускімі спецслужбамі, у сярэдзіне 2024 года, паведамляе партал Onet.

Пасля “ўстанаўлення факта яго здрады”, ён быў “незаўважна пазбаўлены доступу да сакрэтнай інфармацыі”, і пачалася “аператыўная гульня па выяўленні каналаў сувязі” падазраванага з беларускім бокам.

“Супрацоўнік Міністэрства нацыянальнай абароны ўжо год знаходзіўся пад пільным наглядам контрвыведкі, якая свядома дазваляла яму дзейнічаць, але пад нашым кантролем”, — гаворыцца ў публікацыі.

Адзначаецца, што затрыманы на працягу сваёй кар’еры працаваў у шасці аддзелах МНА.

“Усё паказвае на тое, што яго інтарэсы ўключалі як інфармацыю, карысную для беларускай выведкі, так і асабістую інфармацыю”, — паведамляе партал. Мужчына “ведаў усіх у Міністэрстве нацыянальнай абароны” і змог скласці “псіхалагічныя профілі супрацоўнікаў міністэрства, якія служаць асновай для магчымай вербавальнай дзейнасці”.

Падкрэсліваецца, што фігурант “ужо некаторы час публічна выказваў прарасійскія і прабеларускія погляды”.

“Узнікае пытанне, ці не варта было яго калегам паведаміць пра свае асцярогі ў контрвыведку раней, і калі так, то чаму яны гэтага не зрабілі і ці не з’яўляецца гэта прыкметай недаверу супрацоўнікаў міністэрства да сакрэтных службаў?” — піша выданне.

Таксама ў публікацыі гаворыцца, што чыноўнік раней неаднаразова наведваў Беларусь.

Пра затрыманне мужчыны прадстаўнікамі Службы вайсковай контрвыведкі (СВК) і вайсковай жандармерыі Польшчы стала вядома 3 лютага.

Заяўлялася, што аперацыя стала вынікам працяглага расследавання СВК, якая падазрае чыноўніка ў супрацоўніцтве з расійскай і беларускай выведкамі.

Адзначалася, што падазраваны з’яўляецца шматгадовым супрацоўнікам сярэдняга ўзроўню дэпартамента стратэгіі і абароннага планавання ведамства. Яму выстаўленыя абвінавачванні ў “супрацоўніцтве з замежнай выведкай”.

Падзяліцца: