Мінск 13:55

У 2025 годзе ў беларускае войска пастаўлена 5,2 тыс. адзінак новых узораў узбраення і тэхнікі — Дзяржкамваенпрам

Ілюстрацыйнае фота: Мінабароны

6 лютага, Позірк. У 2025 годзе ва Узброеныя сілы пастаўлена 5,2 тыс. адзінак новых узораў узбраення, ваеннай і спецыяльнай тэхнікі (УВСТ) і дапаможнага абсталявання, а таксама 75 тыс. адзінак боепрыпасаў. Такія даныя былі прыведзеныя 6 лютага на калегіі Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта (ДВПК).

Сярод іншага на ўзбраенне арміі прынятыя: комплекс падаўлення навігацыйных прыёмнікаў спадарожнікавых навігацыйных сістэм “Навес-М”, комплекс радыёманіторынгу і радыёпадаўлення УКХ сувязі Р-936 “Аэра”, комплекс сродкаў кіравання рэактыўнымі сістэмамі залпавага агню “Вулкан”, бронетранспарцёр МЗКЦ 690003-021 “БТР V2”, баявая машына БМ 9А33 МБ са складу ЗРК “Аса-АКМ”, радыёлакацыйная сістэма кругавога агляду 9С150 МБ, некіравальны рэактыўны снарад 9М22М РСЗА “Град”.

Па выніках пяці гадоў арганізацыямі ДВПК уведзеныя ў выкарыстанне айчынныя камплектуючыя наўзамен імпартных на суму каля 310,8 млн долараў (у 2025-м — 62,1 млн).

Асноўнымі задачамі на 2026 год вызначаныя ў тым ліку “выкананне мерапрыемстваў па аснашчэнні Узброеных сил УВСТ у адпаведнасці з дзяржабаронзаказам”, “развіццё экспартнага патэнцыялу <…> і павелічэнне валютных паступленняў ад экспарту ўзбраення і ваеннай тэхнікі”.

12 снежня 2025 года паведамлялася, што старшыня ДПВК Дзмітрый Пантус у інтэрв’ю расійскаму часопісу “Нацыянальная абарона” заявіў аб фарміраванні “адзінай абаронна-прамысловай прасторы ў рамках Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі”.

Паводле яго сцвярджэння, “рэжым ізаляцыі, які спрабуюць увесці ў дачыненні да [Беларусі і РФ], паслужыў наймагутным стымулам для паглыблення сумеснай працы”.

Геаграфія паставак прадукцыі беларускага ваенна-прамысловага комплексу ўключае больш за 60 краін, заявіў Пантус ў праграме “Галоўны эфір” на тэлеканале “Беларусь 1”.

Падзяліцца: