Мінск 10:41

За суткі ахвярамі агню стала яшчэ пяць чалавек, ад пачатку года на пажарах загінула 146

Ілюстрацыйнае фота: Raquel Raclette / unsplash.com

5 лютага, Позірк. За мінулыя дзяжурныя суткі (з 6:00 4 лютага да 6:00 5 лютага) ахвярамі агню ў Беларусі стала яшчэ пяць чалавек, сведчаць аператыўныя даныя Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Па аднаму чалавеку загінула на пажарах у Брэсцкай, Гомельскай, Гродзенскай і Віцебскай абласцях (Пружанскі, Добрушскі, Карэліцкі і Полацкі раёны адпаведна).

Акрамя таго, адзін памёр у полацкай бальніцы ад траўмаў, атрыманых 29 студзеня. У той дзень ведамства паведаміла, што ў кватэры на першым паверсе дзевяціпавярховага дома ў гэтым горадзе на мужчыне (1967 г.н.) загарэлася адзенне, ён быў шпіталізаваны з апёкамі.

Ад пачатку 2026 года ў краіне адбылося 1.142 пажары — у 1,96 разы больш, чым за той жа перыяд 2025-га (584). На іх загінула 146 чалавек (у 1,97 раза больш; 74), траўмавана — 97 (у 2,06 раза больш; 47), выратавана — 78 (у 1,56 раза больш; 50).

На прэс-канферэнцыі 4 лютага першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення нагляду і прафілактыкі МНС Васіль Сіўчак заявіў, што асноўнымі прычынамі пажараў з гібеллю людзей з’яўляюцца “неасцярожнае абыходжанне з агнём і курэнне ў месцах сну, як правіла, у стане алкагольнага ап’янення”.

Спаслаўшыся на статыстычныя даныя, прадстаўнік ведамства адзначыў, што амаль 70% пажараў з гібеллю людзей адбываецца з кастрычніка па сакавік, калі насельніцтва “ўзмоцнена эксплуатуе цеплагенеравальныя апараты”.

Падзяліцца: