Мінск 22:40

Пяць банкаў паведамілі пра новаўвядзенні ў працы з кліентамі

Ілюстрацыйнае фота: Aaron Lefler / unsplash.com

4 лютага, Позірк. Пяць банкаў, якія працуюць у Беларусі, паведамілі аб змене асобных правілаў абслугоўвання і прадставілі новыя магчымасці для кліентаў, сведчыць праведзены “Позіркам” маніторынг іх актуальных прэс-рэлізаў.

Банк “БелВЭБ” з 1 сакавіка ўводзіць новыя ўмовы для бясплатнага карыстання “БелВЭБ-Касамі”. Згодна з новым правілам, індывідуальным прадпрымальнікам дастаткова будзе забяспечыць штомесячны безнаяўны абарот па банкаўскіх плацежных картах у памеры 1 тыс. рублёў (цяпер 3 тыс.). Тарыфная стаўка за выкарыстанне абсталявання, у якім месячны абарот склаў менш за 1 тыс. рублёў, павялічыцца з 25 да 30 рублёў.

Банк “Рашэнне” прапануе юрыдычным асобам і ІП пакет паслуг “Плацяжы. Ру” з неабмежаванай колькасцю плацяжоў у расійскіх рублях усяго за 1 капейку ў месяц.

“БНБ-Банк” дае магчымасць праз свае банкаматы папаўняць беларускімі рублямі не толькі карты Mastercard, але і “Белкарт” іншых беларускіх банкаў. Ліміт на адну аперацыю — 500 рублёў, уключаючы камісію ў памеры 1,5% ад сумы (мінімум 2 рублі).

Неа Банк Азія змяніў умовы падлучэння тарыфнага плану “Неа.new”. Цяпер ён даступны выключна для новага бізнесу — юрыдычных асоб і ІП, якія былі зарэгістраваныя менш за 12 месяцаў таму. Падключэнне тарыфу магчыма толькі адначасова з адкрыццём першага разліковага рахунку ў банку.

“Тэхнабанк” пачаў спаганяць узнагароджанне за безнаяўнае залічэнне на рахункі і выдачу грашовых сродкаў фізічнай асобе ў доларах праз карэспандэнцкія рахункі, адкрытыя ў іншых банках. Камісія складзе: пры суме да 5 тыс. долараў — 150 долараў, ад 5 тыс. — 300 долараў. Узнагароджанне не будзе спаганяецца пры паступленні праз карэспандэнцкія рахункі, адкрытыя ў банках Арменіі, Беларусі і Кітая.

На 1 студзеня 2026 года ў Беларусі быў зарэгістраваны 21 банк (тры з іх — са 100-працэнтным замежным удзелам). Іх прыбытак, згодна з праведзеным “Позіркам” аналізам даных Нацбанка, склаў 4 млрд 458,4 млн рублёў — на 23,9% больш, чым на аналагічную дату 2025-га.

Запазычанасць па рублёвых і валютных крэдытах, выдадзеных банкамі юрыдычным асобам, на 1 студзеня склала 66 млрд 38,2 млн рублёў — на 12% больш, чым на пачатак мінулага года (58 млрд 952,8 млн).

У 2025 годзе банкі, якія працуюць у Беларусі, выдалі фізічным асобам крэдытаў (у нацыянальнай і замежнай валютах) на 16 млрд 296,3 млн рублёў (тут і далей у эквіваленце) — на 2,9% менш, чым за 2024-ы (16 млрд 789,3 млн), сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз звестак рэгулятара. Запазычанасць на 1 студзеня 2026 года склала 29 млрд 792,6 млн рублёў (год таму — 26 млрд 160,1 млн; +13,9%).

Гл. таксама:

Колькасць выпушчаных у Беларусі банкаўскіх карт перавысіла 20 млн

За 2025 год працэнтныя стаўкі па крэдытах выраслі на 0,61 п.п. — даныя Нацбанка (падрабязна)

Пратэрмінаваная запазычанасць дзяржсектара па крэдытах за год вырасла ў 10 разоў (падрабязна)

Падзяліцца: