Мінск 22:08

Павышэнне тарыфаў ЖКП перанесена на 1 сакавіка

Ілюстрацыйнае фота: Kindel Media / pexels.com

4 лютага, Позірк. З 1 студзеня на 1 сакавіка перанёс павышэнне тарыфаў для насельніцтва ў сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі Аляксандр Лукашэнка, паведамляе яго прэс-служба.

Адзначаецца, што рашэнне ініцыяванае ўрадам. Павышэнне тарыфаў перанесена ў мэтах “недапушчэння значнага павелічэння для грамадзян фінансавай нагрузкі па плаце за жыллёва-камунальныя паслугі”.

“У выніку існуючых умоў надвор’я і ўстойліва нізкай тэмпературы вонкавага паветра ў студзені сёлета на ацяпленне выдаткавана, паводле папярэдніх разлікаў, на 45% больш цеплавой, электрычнай энергіі і прыроднага газу, чым у снежні 2025-га. Гэта прагназуема павінна прывесці да росту плацяжоў насельніцтва за ацяпленне”, — гаворыцца ў паведамленні.

Рост тарыфаў на ЖКП з пачатку года прадугледжваўся ўказам Лукашэнкі ад 23 студзеня 2026-га №33.

У дакуменце адзначаецца, што плацяжы для насельніцтва (у разліку на сям’ю з трох чалавек, якія пражываюць у двухпакаёвай кватэры агульнай плошчай 48 кв.м, пры нарматыўным спажыванні паслуг) павысяцца ў 2026 годзе ў межах 0,5 базавай велічыні (22,5 рублёў).

Павышэнне тарыфаў планавалася рабіць у два этапы: са студзеня на 19,37 рубля (на ўсе паслугі, за выключэннем ацяплення і гарачага водазабеспячэння), з чэрвеня — на 3,13 рубля (на цеплавую энергію на мэты ацяплення і гарачага водазабеспячэння).

Згодна з праведзеным “Позіркам” маніторынгам цэн, у 2025 годзе з усіх ЖКП больш за ўсё падаражэлі паслугі ў абыходжанні з цвёрдымі камунальнымі адкідамі (на 22,93%) і халоднае водазабеспячэнне (на 21,15%).

Гранічна дапушчальны рост тарыфаў ЖКП устанаўліваецца штогод.

Мінулы студзень стаў самым халодным за апошнія 16 гадоў, вынікае са звестак Белгідрамета.

Сярэдняя тэмпература склала 10,3 градуса марозу, што на 6,2 градуса ніжэй за норму (-4,1).

Найбольш халоднай у мінулым месяцы была другая дэкада — на 12 градусаў ніжэй за норму. Самая нізкая тэмпература была зафіксаваная ноччу 14 студзеня на метэастанцыі Вялікі Межнік (Шклоўскі раён) — 29,7 градуса марозу.

Падзяліцца: