Мінск 18:01

Як можна не абараніць кацяня, парася, цяля, сабачку? — Лукашэнка зноў заклапаціўся падзяжом жывёлы

Ілюстрацыйнае фота: iberti-agro.by

3 лютага, Позірк. Чарговы раз да тэмы падзяжу жывёлы ў жывёлагадоўлі звярнуўся Аляксандр Лукашэнка 3 лютага ў Мінску на нарадзе па асобных пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця Віцебскай вобласці.

“Чаму я кажу пра падзеж? Гэта ж маральная выродлівасць, калі мы не можам абараніць, асабліва ў гэтае цяжкае надвор’е, братоў сваіх меншых. Як можна не абараніць кацяня, парася, цяля, сабачку?!” — цытуе палітыка яго прэс-служба.

Нават у “ранейшыя часы”, сказаў ён, людзі “змагаліся за жыццё жывёл, ратуючы іх ад маразоў”, “аж да таго, што тых жа нованароджаных парасят свінарка часам несла дадому, каб сагрэць і выратаваць”. “Яны разумелі, што гэта не толькі іх будучае жыццё — малако, мяса. Але яны разумелі, што гэта маральна непрымальна. А ў нас што адбываецца?” — адзначыў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, “калі няма кароў і цялят, то не будзе ні мяса, ні малака”. “Вы павінны памятаць, што адбывалася ў 90-я гады. Таму нельга гэтага дапусціць”, — дадаў ён.

Тым не менш, канстатаваў аратар, праблема падзяжу жывёлы ў Беларусі не вырашана, і яна “ўласціва не толькі Віцебскай вобласці”.

“Трэба пачынаць з цялят. Мы зразумелі, што ніякія поліэтыленавыя домікі, асабліва ў гэтыя маразы — мінус 25–30 градусаў у Віцебскай вобласці — на вуліцы, засыпаныя снегам, абледзянелыя цялят не выратуюць. Гэта труна для цялят. Шкада, што гэтага не зразумеў міністр сельскай гаспадаркі, які з’яўляецца заатэхнікам. Я яму кожны дзень пра гэта кажу”, — заявіў ён.

Лукашэнка рэгулярна крытыкуе падначаленых за сітуацыю з падзяжом жывёлы.

24 кастрычніка 2025 года на нарадзе аб мерах па забеспячэнні ўстойлівага развіцця Віцебскай вобласці і сітуацыі з падзяжом у краіне буйной рагатай жывёлы ён заявіў, што “самае галоўнае — нельга працу ў жывёлагадоўлі ператвараць у крымінальную дзейнасць”.

Тэму падзяжу ён лічыць адной з самых набалелых у сельскай гаспадарцы. Паводле слоў Лукашэнкі, негатыўныя тэндэнцыі зафіксаваныя ў 51 раёне краіны (у 13 з іх падзеж павялічыўся ў 1,5 раза і больш).

На фоне пагаршэння сітуацыі з пагалоўем БРЖ 17 чэрвеня таго ж года на выязной нарадзе па сельскай гаспадарцы ў Мінскім раёне ён заявіў, што за апошнія гады ўлады “намацалі, якім шляхам развівацца ў жывёлагадоўлі”.

У апошні час пракуратура і міліцыя рэгулярна інфармуюць аб выяўленні фактаў падзяжу БРЖ. Пра апошні падобны выпадак 23 студзеня паведамляла УУС Гродзенскага аблвыканкама. Паводле даных праваахоўнікаў, у выніку службовай халатнасці 38-гадовага дырэктара сельгасарганізацыі ў Шчучынскім раёне “падзеж БРЖ склаў 728 галоў, з якіх 421 — маладняк”.

Пагалоўе буйной рагатай жывёлы (БРЖ; каровы, быкі ды інш.) на канец 2025 года склала 3.900.272 галовы — на 3% менш, чым было годам раней (4.020.428), вынікае з праведзенага “Позіркам” аналізу даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

Станоўчая дынаміка адзначана толькі ў Гродзенскай вобласці — 683.120 (680.866; +0,3%). У астатніх зафіксавана адмоўная: у Віцебскай — 437.566 (487.915; -10,3%), Магілёўскай — 458.943 (487.529; -5,9%), Гомельскай — 565.461 (592.362; -4,5%), Мінскай — 900.879 (910.907; -1,1%), Брэсцкай — 854.303 (860.849; -0,8%), Гродзенскай — 679.763 (681.480; -0,3%).

Паводле аналізу “Позірку”, зніжэнне пагалоўя БРЖ адзначаецца ад пачатку 2019 года, калі ў краіне налічвалася 4 млн 336,7 тыс. галоў. На пачатак 2020 года іх было 4 млн 290,8 тыс., 2021-га — 4 млн 287,7 тыс., 2022-га — 4 млн 232,4 тыс., 2023-га — 4 млн 209,3 тыс., 2024-га — 4 млн 197,1 тыс., 2025-га — 4 млн 97,9 тыс.

Лукашэнка быў абраны прэзідэнтам у ліпені 1994 года. На пачатак 1995-га пагалоўе БРЖ у краіне складала 5 млн 403,3 тыс.

Такім чынам, за гады яго кіравання пагалоўе зменшылася больш чым на чвэрць (-27,8%).

Падзяліцца: