Мінск 09:02

Да канца 2027 года ў “недружалюбных краінах” забаронена наносіць беларускія акцызныя маркі на алкаголь

Ілюстрацыйнае фота: Joao Vitor Marcilio / unsplash.com

3 лютага, Позірк. Забарона на нанясенне ў “недружалюбных краінах” беларускіх акцызных марак на прызначаны для рынка Беларусі алкаголь падоўжаная да канца 2027 года, вынікае з пастановы Савета міністраў № 54 ад 30 студзеня 2026 года.

У дакуменце, апублікаваным 3 лютага на Нацыянальным прававым-інтэрнэт партале, прадубляваны раней зацверджаны ўрадам пералік дзяржаў, якія, на думку ўладаў, здзяйсняюць “недружалюбныя дзеянні ў дачыненні да Рэспублікі Беларусь, яе грамадзян і (або) арганізацый”. Гэта Албанія, Аўстралія, Вялікабрытанія, ЗША, Ісландыя, Канада, Ліхтэнштэйн, Нарвегія, Новая Зеландыя, Паўночная Македонія, Чарнагорыя, Швейцарыя ды і ўсе краіны Еўрасаюза.

Калі абмежавальных захадаў няма, схема ўвозу алкаголю такая: імпарцёр набывае партыю тавару і дастаўляе яе на лагістычны склад у транзітнай краіне, затым перадае туды акцызныя маркі, якія складскія работнікі наляпляюць на бутэлькі, пасля чаго груз легальна пастаўляецца ў Беларусь.

Аднак правіла, прынятае ўрадам, як сцвярджаецца, для “забеспячэння абароны нацыянальных інтарэсаў <…> у сувязі з увядзеннем абмежаванняў замежнымі дзяржавамі, што здзяйсняюць недружалюбныя дзеянні”, забараняе імпарцёру замаўляць у фізічных або юрыдычных асоб з пералічаных вышэй краін паслугу па налепцы акцызных марак на алкаголь, які пасля плануецца завезці ў Беларусь.

У гэтай сітуацыі імпарцёр павінен або выкарыстоўваць для транзіту “дружалюбныя краіны” і паслугі суб’ектаў, якія там працуюць, або транспартаваць алкаголь на мытныя склады часовага захоўвання на тэрыторыі Беларусі і маркаваць на месцы.

Упершыню гэтая забарона была ўведзеная ў красавіку 2022 года — на 12 месяцаў, пазней некалькі разоў падаўжалася — спачатку да канца 2024 года, пасля да канца 2025-га, цяпер — да канца 2027-га.

Падзяліцца: