Мінск 19:54

Польшча зноў зафіксавала парушэнне паветранай прасторы з Беларусі — трэці дзень запар і чацвёрты раз за тыдзень

Ілюстрацыйнае фота: Bradley Singleton / unsplash.com

2 лютага, Позірк. У ноч на 2 лютага метэазонды з Беларусі парушылі паветраную прастору Польшчы, паведамляе Аператыўнае камандаванне відаў Узброеных сіл краіны ў сацыяльнай сетцы Х.

“Маштаб беларускіх гібрыдных інцыдэнтаў быў значна меншы ў параўнанні з папярэднімі начамі, — гаворыцца ў паведамленні. — Палёты аб’ектаў адсочваліся і не ўяўлялі пагрозы для бяспекі паветранага руху або польскіх грамадзян”.

Падкрэсліваецца, што польскія службы аператыўна рэагуюць на інцыдэнты, мерапрыемствы, якія імі праводзяцца, уключаюць канфіскацыю аэрастатаў і затрыманне датычных асоб.

Папярэднія выпадкі парушэння паветранай прасторы Польшчы з боку Беларусі былі зафіксаваныя ў ноч на 1 лютага і на 31 студзеня.

Таксама паветраная прастора Польшчы была парушаная з боку Беларусі 28 студзеня.

22 студзеня стала вядома, што Міністэрства замежных спраў Польшчы выклікала часовага паверанага ў справах Беларусі, запатрабаваўшы тлумачэнняў з нагоды прылёту ў краіну 150 паветраных шароў у ноч на 17 студзеня.

Падзяліцца: