Мінск 14:08

Польшча другі раз на гэтым тыдні зафіксавала парушэнне паветранай прасторы з боку Беларусі

Ілюстрацыйнае фота: Bradley Singleton / unsplash.com

31 студзеня, Позірк. Пра “ўваходжанне ў паветраную прастору Польшчы” ў ноч на 31 студзеня аб’ектаў з боку Беларусі заявіла польскае Аператыўнае камандаванне відаў Узброеных сіл.

Аналіз параметраў палёту, як адзначыла вайсковая структура, дазволіў з высокай ступенню верагоднасці распазнаць іх як “аэрастаты, якія перамяшчаюцца ў адпаведнасці з наяўнымі метэаралагічнымі ўмовамі”.

“Палёты аб’ектаў бесперапынна адсочваліся вайсковымі радыёлакацыйнымі сістэмамі, — гаворыцца ў паведамленні. — У мэтах гарантавання бяспекі над Падляскім ваяводствам для грамадзянскай авіяцыі былі ўведзены часовыя абмежаванні на выкарыстанне часткі паветранай прасторы. Гэтыя дзеянні мелі прэвентыўны характар ​​і ажыццяўляліся ў адпаведнасці з дзейнымі працэдурамі”.

“Пагрозы бяспецы паветранай прасторы Рэспублікі Польшча зафіксавана не было. Гэтая падзея з’яўляецца чарговай у серыі інцыдэнтаў гібрыднага характару, якія назіраюцца ва ўсходняй частцы Польшчы. Аператыўнае камандаванне родаў УС знаходзіцца ў сталым кантакце з адпаведнымі ўстановамі і службамі, ажыццяўляючы жывы абмен інфармацыяй і перадаючы даныя, якія тычацца зафіксаваных аб’ектаў. Сітуацыя ўвесь час маніторыцца, а УС Рэспублікі Польшча застаюцца ў гатоўнасці да выканання задач, звязаных з абаронай польскай паветранай прасторы”, — адзначыла структура.

Папярэдні раз, паводле інфармацыі Аператыўнага камандавання родаў УС, паветраная прастора Польшчы была парушаная з боку Беларусі “ў сераду, 28 студзеня 2026 года, у начны час”.

На мінулым тыдні стала вядома, што Міністэрства замежных спраў Польшчы выклікала часовага паверанага ў справах Беларусі, запатрабаваўшы тлумачэнняў наконт прылёту ў краіну 150 паветраных шароў у ноч на 17 студзеня.

“Беларускі бок атрымаў вельмі выразны сігнал пра тое, што мы не ўхваляем падобныя дзеянні”, — цытавалі СМІ прэс-сакратара МЗС Мацея Вевіёра.

Падзяліцца: