Мінск 12:32

Захоўваецца высокая смяротнасць на пажарах — 122 загінулых ад пачатку года

Ілюстрацыйнае фота: Raquel Raclette / unsplash.com

31 студзеня, Позірк. Ад пачатку 2026 года на пажарах у Беларусі загінула 122 чалавекі — у 1,85 раза больш, чым за той жа перыяд 2025-га (66), сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз аператыўных даных Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Колькасць пажараў у гадавым вымярэнні павялічылася ў 1,88 раза — з 499 да 936.

За 30 дзён студзеня гэтага года на пажарах траўмавана 76 чалавек (у 1,81 раза больш у параўнанні з аналагічным леташнім перыядам, калі было 42), выратаваны — 61 (у 1,5 раза больш; 42).

За мінулыя дзяжурныя суткі (з 6:00 30 студзеня да 6:00 31 студзеня) ахвярамі агню сталі тры чалавекі — мужчына 1937 года нараджэння з вёскі Гарохаўка (Бабруйскі раён Магілёўскай вобласці); брат (1955 г.н.) гаспадыні дома ў Чавусах (Магілёўская вобласць); мужчына, цела якога знайшлі пры тушэнні пажару ў Брэсце.

Адметна, што напярэдадні ў зводнай табліцы МНС фігуравала 120 загінулых. Гэта ўжо трэці раз ад пачатку года, калі ведамства карэктуе даныя па смяротнасці на пажарах.

9 студзеня ў табліцы значылася 28 загінулых, але на наступны дзень — пры заяўленых дзвюх ахвярах — колькасць не павялічылася да 30, а знізілася да 27.

17 студзеня колькасць смерцяў у табліцы засталася нязменнай — 62, хаця паведамлялася пра чацвярых загінулых за папярэднія суткі.

Раней МНС тлумачыла перыядычнае карэктаванне даных тым, што часам пасля правядзення судова-медыцынскай экспертызы высвятляецца — смерць здарылася не праз пажар. Наадварот, як заяўляла ведамства, узгаранне часам можа ўзнікнуць пасля смерці чалавека.

Падзяліцца: