Мінск 21:09

Прыцягненне Лукашэнкі да адказнасці за агрэсію мае ключавое значэнне для ўкраінскіх грамадзян — Латушка

Павел Латушка
Архіўнае фота: "Позірк"

30 студзеня, Позірк. “Прыцягненне Аляксандра Лукашэнкі да адказнасці за злачынства агрэсіі мае ключавое значэнне для аднаўлення правоў тысяч украінскіх мірных грамадзян, якія пацярпелі ў выніку ракетных і авіяцыйных удараў, а таксама тых, хто быў гвалтоўна перамешчаны з тэрыторыі Украіны ў Беларусь і Расію”, — заявіў, паводле інфармацыі Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ), яго кіраўнік Павел Латушка, выступаючы 28 студзеня на пасяджэнні Камітэта Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ) па юрыдычных пытаннях і правах чалавека падчас зімовай пленарнай сесіі ПАСЕ (26–30 студзеня 2026 года).

У працы сесіі чарговы раз бярэ ўдзел дэлегацыя беларускіх дэмакратычных сіл.

Латушка таксама нагадаў, што “надаўшы тэрыторыю Беларусі для ракетных і авіяцыйных удараў, а таксама для наземнага ўварвання расійскай арміі, Аляксандр Лукашэнка і іншыя прадстаўнікі яго рэжыму здзейснілі злачынства агрэсіі ў адпаведнасці з нормамі міжнароднага крымінальнага права, у тым ліку ў трактоўцы, замацаванай у статуце Спецыяльнага трыбунала па злачынстве агрэсіі супраць Украіны, які быў створаны ў рамках Савета Еўропы”.

Фракцыя Каардынацыйнага савета “Каманда Латушкі і Рух “За свабоду” паведаміла аб праведзеных у Страсбургу сустрэчах Латушкі з прадстаўнікамі Германіі і Францыі.

Кіраўнік дэлегацыі Бундэстага Германіі ў ПАСЕ, кіраўнік групы “За дэмакратычную Беларусь” у Бундэстагу Кнут Абрахам “запэўніў, што яго пазіцыя застаецца нязменнай: яна заключаецца ў неабходнасці працягу санкцыйнага і палітычнага ціску на рэжым Лукашэнкі з мэтай дамагчыся змен у яго ўнутранай рэпрэсіўнай палітыцы”. Нямецкі дэпутат “адзначыў, што за сваю гісторыю рэжым ужо неаднаразова карыстаўся перамовамі з Еўрапейскім саюзам, ішоў на нязначныя змены, а пасля вяртаўся да ранейшай практыкі рэпрэсій”.

Пастаянны прадстаўнік Францыі ў Савеце Еўропы Пап Ндзіай паводле інфармацыі фракцыі, падчас сустрэчы з Латушкам “запэўніў, што Францыя будзе падтрымліваць дэмакратычныя сілы Беларусі, і падкрэсліў неабходнасць надаваць больш увагі сітуацыі ў краіне ў рамках Савета Еўропы”.

Член дэлегацыі беларускіх дэмакратычных сіл у ПАСЕ, прадстаўніца па моладзевай палітыцы і студэнцтве Аб’яднанага пераходнага кабінета Маргарыта Ворыхава ў інтэрв’ю тэлеканалу “Белсат” падчас знаходжання ў Страсбургу выказала меркаванне, што большасць еўрапейскіх краін не гатовыя да дыялогу з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі да спынення ім рэпрэсій.

Падзяліцца: