Мінск 18:40

За мінулыя суткі парушалася электразабеспячэнне ў 227 населеных пунктах

28 студзеня, Позірк. За мінулыя суткі парушалася электразабеспячэнне ў 227 населеных пунктах, паведамляе дзяржаўнае вытворчае аб’яднанне электраэнергетыкі “Белэнерга”.

Больш за ўсё адключэнняў зафіксавана ў Гомельскай, Гродзенскай і Мінскай абласцях. Лініі электраперадачы пашкоджаны з-за непагадзі: наліпання снегу і абледзяненне.

Адзначаецца, што энергетыкі працуюць у кругласутачным рэжыме. Па стане на 8.00 задзейнічана 19 аварыйных брыгад і 20 адзінак тэхнікі.

“Белэнерга” папярэджвае, што ў выпадку выяўлення абарваных правадоў ліній электраперадачы не трэба падыходзіць да іх бліжэй за восем метраў і неадкладна паведамляць аб гэтых фактах (кароткія нумары аварыйных службаў — 115 і 144).

З рэлізу абласнога “Мінскэнерга” вынікае, што мацней за ўсё пацярпела менавіта сталічная вобласць, дзе зафіксаваны “тэхналагічныя парушэнні электразабеспячэння больш як у 200 населеных пунктах”.

“Сярэдні час аднаўлення электразабеспячэння склаў 1 гадзіну 48 хвілін, — гаворыцца ў паведамленні. — Найбольш значныя парушэнні адзначаны ў Слуцкім, Салігорскім, Барысаўскім і Стаўбцоўскім раёнах. На гэты момант сітуацыя стабілізуецца. Па стану на 9.30 аднаўленчыя работы прадаўжаюцца ў васьмі населеных пунктах”.

Паводле даных Белгідрамета, днём 28 студзеня па Беларусі пройдуць ападкі ў выглядзе мокрага снегу з дажджом, чакаецца моцная галалёдка. Парывы ​​ветру ў многіх рэгіёнах дасягаюць 15–20 м/с. Быў аб’яўлены аранжавы ўзровень небяспекі.

Як паведамлялася, галалёд, які ўтварыўся на правадах, пашкодзіў тралейбусныя лініі ў розных раёнах Мінска 27 студзеня. Прадпрыемства “Мінсктранс” выпусціла паўтара дзесятка папярэджанняў аб спыненні руху на розных маршрутах.

Падзяліцца: