Мінск 17:57

19-я мехбрыгада адпрацавала “шырокі комплекс мерапрыемстваў” у лясіста-балоцістай мясцовасці

27 студзеня, Позірк. 19-я асобная гвардзейская механізаваная брыгада ў рамках распачатай 16 студзеня раптоўнай праверкі адпрацавала “шырокі комплекс мерапрыемстваў” у лясіста-балоцістай мясцовасці, паведамляе прэс-служба Міністэрства абароны.

Асабісты склад удасканальвае навыкі “схаванага перамяшчэння ў лесе, выяўлення праціўніка, яго блакавання і знішчэння”, а таксама “пошуку і захопу мэтаў і зачысткі апорных пунктаў”.

На палігоне вайскоўцы выконваюць стрэльбы з узбраення БМП-2, гранатамётаў і стралковай зброі.

Паводле слоў дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі Аляксандра Вальфовіча, які назіраў за ходам праверкі, адпрацоўвалася “прывядзенне ў баявую гатоўнасць, загрузка запасаў матэрыяльных сродкаў на транспарт, здзяйсненне маршу па незнаёмым маршруце ў лясіста-балоцістай і перасечанай мясцовасці ва ўмовах снегападу”.

26 студзеня Аляксандр Лукашэнка анансаваў, што праверка гатоўнасці ва Узброеных сілах будзе праходзіць да вясны.

“Гэта не значыць, што гэтая вайсковая частка, гэтая брыгада будзе да вясны дзейнічаць, — удакладніў Вальфовіч. — Магчыма, яе яшчэ праверым па нейкіх пытаннях. Наперадзе на чарзе іншыя злучэнні, воінскія часці… Людзі ў пагонах у любы час, у любым становішчы павінны быць гатовыя ўстаць у строй і ўмець абараніць <…> Беларусь”.

26 студзеня міністр абароны Віктар Хрэнін абвясціў пачатак яшчэ адной праверкі боегатоўнасці вайсковых частак і падраздзяленняў. Паводле яго слоў, якія прыводзіць прэс-служба ведамства, мерапрыемствы будуць насіць “комплексны характар з паэтапным нарошчваннем як асабістага складу, так і колькасці вайсковых частак і падраздзяленняў, якія задзейнічаюцца“.

Военачальнік патлумачыў, што праверка паводле плана Мінабароны і Генштаба УС і праверка праз распараджэнне Лукашэнкі — зусім розныя мерапрыемствы.

Папярэдняя “раптоўная праверка” УС праводзілася ў кастрычніку 2025 года.

Рэжым Лукашэнкі практычна безупынна праводзіць вучэнні, трэніроўкі, зборы на фоне абвастрэння стасункаў з Захадам (акрамя ЗША пасля прыходу да ўлады прэзідэнта Дональда Трампа) і поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны.

Падзяліцца: