Мінск 12:28

У Беларусі акрэдытаваны новы вайсковы аташэ В’етнама

Фота на старонцы Равенкі ў сацсетцы Х

24 студзеня, Позірк. Аташэ па пытаннях абароны В’етнама Као Нгок Ха акрэдытаваны пры Міністэрстве абароны Беларусі, паведаміў 23 студзеня начальнік дэпартамента міжнароднай вайсковай супрацы (МВС) — памочнік міністра па пытаннях МВС Валерый Равенка.

“Абмеркаваныя мерапрыемствы МВС на 2026 год. Так, спланаваныя візіты ў Рэспубліку Беларусь начальнікаў Генеральнага штаба, галоўнага палітычнага ўпраўлення; вучэнні ў В’етнаме з удзелам падраздзялення УС РБ”, — напісаў ён на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х.

Вынікам працы папярэдняга вайсковага аташэ Нгуен Ван Цьена прадстаўнік беларускага Мінабароны назваў “значную актывізацыю” стасункаў, шэраг візітаў высокага ўзроўню, падпісанне трох міжведамасных пагадненняў, а таксама навучанне ў вайсковых ВНУ Беларусі в’етнамскіх вайскоўцаў.

Летась у снежні В’етнам наведваў дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч. Падчас візіту чыноўнік заявіў, што супраца ў сферы бяспекі “стала сапраўдным драйверам беларуска-в’етнамскіх стасункаў, у тым ліку гандлёва-эканамічных”.

Вальфовіч і міністр грамадскай бяспекі В’етнама Лыонг Там Куанг падпісалі пратакол аб стварэнні сумеснай працоўнай групы па пашырэнні і ўмацаванні супрацы ў сферы бяспекі. Бакі таксама разгледзелі “напрамкі вайскова-тэхнічнай супрацы — як тыя, што ўжо рэалізуюцца, так і тыя, што прапрацоўваюцца; сумеснай працы сілавых блокаў дзвюх краін па процідзеянні сучасным рызыкам, выклікам і пагрозам”.

Дзяржсакратар Савета бяспекі паведаміў, што толькі на працягу 2024–2025 гадоў “па лініі ваеннага ведамства, спецслужбаў і праваахоўных органаў праведзеныя дзесяткі сустрэч рознага ўзроўню”, “бакамі падпісана каля 10 міжведамасных дакументаў аб супрацы”, дзейнічае “змешаная беларуска-в’етнамская камісія”.

“Маюцца канкрэтныя прыклады эфектыўнага ўзаемадзеяння ў такой адчувальнай і важнай сферы, як барацьба з тэрарызмам і экстрэмізмам. Кіраўніцтва В’етнама, як і мы, усведамляе небяспеку пагроз, што зыходзяць ад міжнароднага тэрарызму”, — сказаў ён.

У лістападзе 2024 года стала вядома, што былы ваяр палка імя Кастуся Каліноўскага Васіль Верамейчык быў дастаўлены ў Беларусь пад канвоем. Паводле інфармацыі яго паплечнікаў па КР, мужчына быў затрыманы 13 лістапада ў Хашыміне (В’етнам) і перададзены ў Беларусь.

У лістападзе 2025-га прыгавораны да 13 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Летась 25 кастрычніка ў Ханоі міністр унутраных спраў Беларусі Іван Кубракоў і генеральны сакратар Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі В’етнама То Лам абмеркавалі барацьбу з транснацыянальнай злачыннасцю, кіберзлачынствамі, наркагандлем, нелегальнай міграцыяй, а таксама супрацу ў сацыяльна-эканамічнай сферы.

Незадоўга да Кубракова В’етнам наведваў начальнік Генеральнага штаба Узброеных сіл — першы намеснік міністра абароны Павел Муравейка.

Летась у траўні Мінск наведваў То Лам. На сустрэчы з ім Аляксандр Лукашэнка заявіў пра гатоўнасць аднавіць пастаўкі ў В’етнам прадукцыі вайскова-прамысловага комплексу Беларусі.

Падзяліцца: