Мінск 12:04

Ад пачатку 2026-га на пажарах загінула 96 чалавек — 18% ад выніку за ўвесь мінулы год

Ілюстрацыйнае фота: Raquel Raclette / unsplash.com

24 студзеня, Позірк. За мінулыя дзяжурныя суткі — з 6:00 23 студзеня да 6:00 24 студзеня — на пажарах у Беларусі загінула два чалавекі: у Слуцкім раёне (Мінская вобласць) і аграгарадку Дзякавічы (Жыткавіцкі раён Гомельскай вобласці), сведчаць звесткі на сайце Міністэрства па надзвычайных сітуацыях і яго тэрытарыяльных упраўленняў.

Ад пачатку года ад агню загінула 96 чалавек — роўна ўдвая больш, чым за той жа перыяд мінулага года; крыху больш за 18% ад гадавога выніку 2025-га (533 загінулых). Праведзены “Позіркам” аналіз паказаў, што летась да такога ўзроўню смяротнасці краіна выйшла толькі 6–7 лютага (94–97 загінулых).

За справаздачны перыяд студзеня ў Беларусі адбылося 735 пажараў — у 1,9 раза больш, чым за той жа леташні перыяд (386); на іх траўмавана 55 чалавек (+77,4%; 31), выратавана — 47 (+56,7%; 30).

Падзяліцца: