Мінск 18:09

У спіс “экстрэмістаў“ дададзена 9 чалавек, у тым ліку прызнаны бессвядомым

Ілюстрацыя: soyuz.by

23 студзеня, Позірк. У спіс “асоб, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці”, 23 студзеня дададзена яшчэ 9 чалавек. Цяпер у размешчаным на сайце Міністэрства ўнутраных спраў пераліку 6.214 пазіцый.

Сярод іх палітвязень Іван Фалітар, прыгавораны да 3 гадоў пазбаўлення волі па справе “Беларускага Гаюна” (ч. 1 і 2 арт. 3614 Крымінальнага кодэкса — садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).

З адзнакай “адбывае пакаранне“ спіс таксама папоўнілі Аляксандр Конанаў (ч. 1 арт. 3614), а таксама Андрэй Рыжук, Дзмітрый Шышкоў і Сяргей Васюкевіч (усе — ч. 1 і 2 арт. 3614).

З пазнакай “судзімасць не пагашаная“, якая звычайна сведчыць аб вынясенні не звязанага з пазбаўленнем волі пакарання, у спіс унесеныя Таццяна Шчотка (ч. 3 арт. 361 — заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы), Сяргей Неліповіч (ч. 1 арт. 130 — распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы, ч. 1 арт. 3614) і Ягор Лялько (ч. 1 і 2 арт. 3614).

Асуджаны паводле ч. 1 арт. 130 Дзмітрый Спруць “вызвалены ад адказнасці ў сувязі са знаходжаннем у бессвядомым стане”.

Паводле інфармацыі МУС, уключаным у спіс “экстрэмістаў“ асобам да пагашэння судзімасці і на працягу пяці гадоў пасля яе забараняецца займацца дзейнасцю, звязанай з абаротам наркатычных сродкаў, зброі, выбуховых рэчываў, педагагічнай дзейнасцю, выдавецкай дзейнасцю, а таксама займаць дзяржаўныя пасады, праходзіць ваенную службу.

Іх фінансавыя аперацыі падлягаюць асабліваму кантролю “з мэтай прадухілення легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам, і фінансавання экстрэмісцкай дзейнасці”.

Падзяліцца: