Мінск 15:03

Ціханоўская ў Давосе заклікала “нанова вынайсці” дэмакратыю

Святлана Ціханоўская (пасярэдзіне) на Сусветным эканамічным форуме ў Давосе 22 студзеня 2026 года
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

23 студзеня, Позірк. Пераасэнсаваць дэмакратыю, “нанова вынайсці“ яе заклікала беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская ўдзельнікаў дыскусіі “Дэмакратыя ў небяспецы?”, якая прайшла 22 студзеня ў рамках Сусветнага эканамічнага форуму ў Давосе.

Паводле яе слоў, усе дэмакратычныя інструменты і інстытуты, якія развіваліся на працягу многіх гадоў, апынуліся не гатовыя да новай эпохі, у якой усё адбываецца вельмі хутка.

“Мы павінны вынайсці новыя інструменты, каб даць рады гэтай новай эпохе, новаму свету. Кожны павінен інвеставаць у дэмакратыю не толькі для яе абароны, але і для рэфармавання яе інстытутаў“, — заклікала Ціханоўская.

На яе думку, ААН “працуе недастаткова эфектыўна, яна была створаная ў пасляваенны перыяд, яна была створаная для падтрымання міру, але цяпер, калі з’яўляюцца новыя выклікі, дыктатары становяцца смялейшымі, яны аб’ядноўваюцца, яны могуць пераважаць у галасаванні ў ААН“. “Мы павінны абараняць дэмакратыю,“ вырасціць зубы“ для гэтага”, — падкрэсліла дэмлідар.

“І толькі тады, — лічыць яна, — мы зможам абараніць тое, што ў нас ёсць, пакараць тых, хто ўяўляе пагрозу для дэмакратычных інстытутаў і самой дэмакратыі“.

Ціханоўская лічыць важным, каб людзі, якія жывуць ва ўмовах дэмакратыі, усведамлялі, што могуць вельмі лёгка страціць тое, што маюць. “Проста ўявіце сабе дэмакратыю як рэлігію. Пакуль вы верыце ў яе, укладваеце ў яе, яна існуе”, — прывяла паралель палітык.

На прыкладзе Беларусі яна прадэманстравала, што “нават дыктатуры могуць мець прыкметы дэмакратыі“, таму што “ў нас таксама ёсць парламент, суды, СМІ, але яны ларэмныя, бо служаць не народу, а дыктатару”.

“У 2020 годзе ў нас былі выбары. У нас ёсць доказы, што я выйграла іх, мы выкарыстоўвалі ўсе магчымыя тэхнічныя сродкі, каб гэта даказаць, мы паказалі гэта ўсяму свету, але Лукашэнка адмовіўся сыходзіць. Ён выкарыстаў свае спецслужбы для падаўлення грамадства, ён злоўжывае судамі, каб даваць людзям 20, 25 гадоў турмы толькі за тое, што яны выйшлі на вуліцы, здзяйсняючы мірную рэвалюцыю. Наш парламент — гэта марыянетка, якая служыць інтарэсам дыктатара, а не народа. Але з боку гэта выглядае як нармальная краіна. Так што дыктатуры могуць імітаваць дэмакратыю”, — рэзюмавала Ціханоўская.

Сусветны эканамічны форум у Давосе праходзіць 19-23 студзеня. Ціханоўская на яго палях правяла больш за дзясятак двухбаковых сустрэч, прыняла ўдзел мінімум у чатырох дыскусіях і круглых сталах.

Дэмлідар была запрошаная ў Давос чацвёрты год запар.

Падзяліцца: