Мінск 20:25

Валавы знешні доўг Беларусі за тры кварталы 2025 года вырас на 6,2%

22 студзеня, Позірк. Валавы знешні доўг Беларусі на 1 кастрычніка 2025 года склаўся ў памеры 37 млрд 152,8 млн долараў ЗША, паведамляе Нацыянальны банк.

За дзевяць месяцаў мінулага года гэты паказчык павялічыўся на 2 млрд 184,4 млн долараў, або на 6,2% (на 1 студзеня 2025-га — 34 млрд 968,4 млн долараў).

Доўг сектара дзяржаўнага кіравання паменшыўся за студзень — верасень на 0,6% (з 17 млрд 149,3 млн да 17 млрд 43,7 млн долараў), Нацыянальнага банка і іншых дэпазітных арганізацый — на 5,9% (з 4 млрд 255,8 млн да 4 млрд 4,8 млн).

Доўг іншых сектараў павялічыўся на 20,7% (з 11 млрд 409,6 млн да 13 млрд 771,1 млн), па міжфірменным крэдытаванні — на 8,3% (з 2 млрд 153,7 млн да 2 млрд 333,2 млн).

Паводле звестак рэгулятара, пратэрмінаваная запазычанасць па сектарах эканомікі вырасла на 7% (з 1 млрд 188 млн да 1 млрд 270,9 млн).

На 1 кастрычніка 2022-га валавая замежная запазычанасць складала 41 млрд 543,7 млн долараў, на аналагічную дату 2023-га — 36 млрд 661,9 млн, 2024-га — 36 млрд 251,2 млн.

Раней Еўразійская эканамічная камісія паведамляла, што высокае пакрыццё знешняга доўгу міжнароднымі рэзервамі забяспечана толькі ў Расіі (214,7%). У іншых краінах гэты паказчык ніжэйшы за 100%: у Арменіі — 22,6%, Беларусі — 30,6%, Казахстане — 30%, Кыргызстане — 50,5%.

Валавы знешні доўг — нявыплачаная сума абавязацельстваў перад нерэзідэнтамі, якая патрабуе выплаты асноўнага доўгу і (або) працэнтаў.

У адрозненне ад знешняга дзярждоўгу, які ўлічвае толькі абавязацельствы ўрада перад нерэзідэнтамі, валавы знешні доўг ахоплівае абавязацельствы ўсіх рэзідэнтаў, падзеленых на чатыры сектары эканомікі: органы дзяржкіравання, органы грашова-крэдытнага рэгулявання, банкі (дэпазітныя арганізацыі, за выключэннем Нацбанка), іншыя юрыдычныя і фізічныя асобы.

Падзяліцца: