Мінск 13:55

Ціханоўская падзякавала Іспаніі за прызнанне пратэрмінаваных беларускіх пашпартоў

Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

22 студзеня, Позірк. Рашэнне Іспаніі прызнаваць пратэрмінаваныя беларускія пашпарты з’яўляецца “магутным актам салідарнасці з людзьмі, вымушанымі бегчы са сваёй краіны за абарону свабоды”, заявіла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская.

На сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х палітык падзякавала Мадрыду “за гатоўнасць дапамагчы вырашыць праблему пратэрмінаваных пашпартоў беларусаў у выгнанні, якія не могуць бяспечна вярнуцца ў Беларусь для абнаўлення дакументаў”.

19 студзеня Галоўнае дзяржаўнае ўпраўленне Іспаніі выпусціла інструкцыю аб прызнанні пратэрмінаваных беларускіх пашпартоў.

“Пасля выдання 4 верасня 2023 года беларускімі ўладамі ўказа (“Аб парадку выдачы дакументаў і здзяйснення дзеянняў”. — “Позірк”.) беларускім амбасадам і консульствам за мяжой забаронена выдаваць пашпарты. Гэтая мера скіраваная на тое, каб прымусіць беларускіх грамадзян за мяжой — каля шасці тысяч у выпадку Іспаніі — вярнуцца для атрымання або падаўжэння пашпартоў у Беларусь, дзе некаторыя з іх зазнаюць рэальную рызыку затрымання з палітычных прычын”, — адзначаецца ў дакуменце.

Узгадваецца заява экспертаў ААН на сайце Упраўлення вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека ад 20 верасня 2023 года. У ім канстатавалася абмежаванне правоў беларусаў і ўтрымліваўся заклік да дзяржаў — членаў ААН дзейнічаць у адпаведнасці з іх міжнароднымі абавязацельствамі і садзейнічаць беларусам, якія не могуць бяспечна вярнуцца на радзіму, атрымліваць дакументы, якія дазваляюць карыстацца асноўнымі паслугамі і забяспечваюць свабоду руху.

У інструкцыі таксама прыводзіцца заява Савета Еўрапейскага саюза ад 19 лютага 2024 года, у якой асуджаецца “пашпартны” ўказ і пацвярджаецца курс на падтрымку пацярпелых ад рэпрэсій.

Пералічваюцца краіны ЕС, якія ўжо прызналі пратэрмінаваныя беларускія пашпарты: Аўстрыя, Кіпр, Літва, Францыя, Швецыя, Эстонія.

Далучыцца да гэтага спісу Іспанія вырашыла “з улікам названых прычын” і праз яе прыхільнасць да датрымання правоў чалавека ў Беларусі.

Паводле інфармацыі офіса Ціханоўскай, інструкцыя стала вынікам дамоўленасці з іспанскімі ўладамі падчас візіту дэмлідара ў Мадрыд у чэрвені 2025 года.

Гэтую ж тэму абмяркоўваў дарадца палітыка па дыпламатычных пытаннях Дзяніс Кучынскі 18 студзеня 2026 года ў Мадрыдзе на сустрэчы з дзяржаўным сакратаром МЗС Іспаніі Дыега Марцінесам Беліа.

Падзяліцца: