Мінск 10:40

Мінсувязі вызначыла на безлімітных планах максімальны аб’ём даных з перадачай без абмежавання хуткасці

Ілюстрацыйнае фота: pixabay.com

22 студзеня, Позірк. На безлімітных тарыфах “пачатковы аб’ём даных”, якія перадаюцца без абмежавання хуткасці абанентам сетак сотавай рухомай электрасувязі, з 22 лютага 2026 года складзе 30 Гб у месяц, вынікае з пастановы Міністэрства сувязі і інфарматызацыі № 38 ад 22 снежня 2025-га.

Згодна з дакументам, апублікаваным 22 студзеня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, пры заканчэнні “пачатковага аб’ёму” хуткасць перадачы даных будзе зніжацца да 1 Мбіт/с (да пачатку новага месяца дзеяння тарыфнага плана).

Каб гэтага пазбегнуць, абанент зможа набыць у сотавага аператара “дадатковыя аб’ёмы паслуг перадачы даных або перыяды аказання такіх паслуг”. У гэтым выпадку хуткасць застанецца ранейшай.

На дзень сённяшні ні “пачатковы аб’ём” даных, ані тое, як мяняецца хуткасць перадачы даных, на безлімітных планах не вызначаныя.

Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю паведаміла летась 31 снежня, што падпісала з аператарамі А1 і МТС пагадненне, паводле якога тарыфы на мабільную сувязь у 2026 годзе падвышацца не будуць.

Падзяліцца: